0.3% росту айчыннага ВУП: выпадковасьць альбо тэндэнцыя

Ці скончылася падзеньне беларускай эканомікі?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Паводле Белстату, валавы ўнутраны прадукт Беларусі за першы квартал 2017 году павялічыўся на 0,3%. Раней два гады, 8 кварталаў, адбывалася падзеньне ВУП, і такога ў краіне не назіралася ад пачатку 90-х. Ці можна цяперашні сьціплы рост называць пераломам?

Лічба 0,3% знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці, пакуль надта рана казаць пра тэндэнцыю. Зь іншага боку, пасьля такога вялікага і зацяжнога падзеньня варта было чакаць, што калісьці гэтае падзеньне дасягне дна, і адтуль пачнецца стагнацыя альбо нават рост. Сярод эканамістаў ужо пануе згода, што, відаць, гэтае самае «дно» ужо дасягнутае.

Лічба 0,3% знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці, пакуль надта рана казаць пра тэндэнцыю.

Іншае пытаньне ў тым. ці пачнецца цяпер рост, альбо некалькі гадоў працягнецца стагнацыя, таптаньне на месцы. Аптымістычны (як заўсёды) беларускі ўрад дае прагноз росту на гэты год у 1.7%. Але МВФ, наадварот, кажа, што невялікае падзеньне працягнецца. За апошнія гады ў спрэчцы прагнозаў заўсёды выйграваў МВФ.

Наяўнасьць хаця б такога мінімальнага росту пацьвярджае, што цяпер тым больш беларускае кіраўніцтва ня будзе праводзіць ніякіх радыкальных эканамічных рэформаў. Маўляў, усё самае страшнае перажылі, цяпер эканоміка Расеі будзе падымацца, і ня трэба нічога радыкальнага рабіць у эканоміцы, ня трэба нічога мяняць.

Дракахруст: Сапраўды, як той казаў, адна ластаўка ня робіць вясну, адна лічба не вызначае новую тэндэнцыю. Гэта можа быць выпадковай флюктуацыяй. Хаця ў тым жа рэчышчы лічба, агучаная міністрам эканомікі Зіноўскім, паводле якога рэальныя даходы за квартал вырасьлі на 1%. Яна на працягу двух гадоў таксама зьніжаліся, зараз павялічыліся і нават больш, чым ВУП.

Калі гэта ўсё ж такі знак новай тэндэнцыі, то яе можна патлумачыць. Адзін з фактараў вы, Віталь, прыгадалі напрыканцы свайго выступу — што Расея пачала эканамічна падымацца. Крышачку, але пачала.

Правал пасьля падзеньня цэнаў на нафту, эфэкт ад санкцыяў скончыліся. А заўжды так было, што калі падымаецца Расея, то яна «цягне» за сабой і Беларусь.

Правал пасьля падзеньня цэнаў на нафту, эфэкт ад санкцыяў скончыліся. А заўжды так было, што калі падымаецца Расея, то яна «цягне» за сабой і Беларусь.

Тое, што ўлагодзілі пытаньні па газу і нафце — па газе сапраўды зьніжкі будуць толькі ў 2018 годзе, але па нафце аднаўляюцца абʼёмы паставак. Беларусь прыдумае, як на гэтай дадатковай нафце зарабіць.

Акрамя таго, што жорсткая палітыка НББ, якую некаторыя крытыкуюць, таксама магла нарэшце даць свой плён, рост на больш здаровай аснове. Гэта не друкаваньне грошай, якое стварае фіктыўна рост. Ня выключана, што эканоміка адаптавалася да цьвёрдага рубля, да стабільнага курсу.

І, магчыма, і сапраўды пачаліся станоўчыя зрухі. Дарэчы, той жа МВФ ужо даўно прагназаваў, што ў 2018 годзе ў Беларусі пачнецца падʼём.

Але мне здаецца, што калі казаць пра тэндэнцыю, то наступныя гады будуць гадамі вельмі кволага росту. Так, гэта ня будуць гады падзеньня, гэта будзе рост «каля нуля».

Многія беларускія лібэральныя эканамісты даўно казалі, што праклёнам беларускай эканамічнай мадэлі будзе не падзеньне, а менавіта вельмі кволы рост. Структурныя хібы не даюць ёй расьці і гэта больш імаверны прагноз, чым што ўсё абрынецца.

Карбалевіч: Экспэрты ў маёй перадачы «Экспэртыза Свабоды» адзначалі, што пакуль рана рабіць высновы па адным квартале. Тым больш, 0,3% занадта маленькая лічба. Я не выключаю, што эканамічныя ведамствы атрымалі даручэньне штучна паказаць рост. Бо пасьля вулічных акцыяў пратэсту ўлады хочуць прадэманстраваць грамадзтву пазытыў, прыдаць аптымізму.

Я не выключаю, што эканамічныя ведамствы атрымалі даручэньне штучна паказаць рост. Бо пасьля вулічных акцыяў пратэсту ўлады хочуць прадэманстраваць грамадзтву пазытыў, прыдаць аптымізму.

У рэшце рэшт, увесь час эканоміка падаць ня можа, дзесьці зьяўляецца дно, пасьля якога пачынаецца невялікі рост.

Зьвярнуў бы ўвагу, што рост ВУП адбыўся на 0.3%, а рост заробкаў — на 1%. То бок рост заробкаў адбываецца ўтрая хутчэй, чым рост эканомікі. Бо Лукашэнка даў загад давесьці сярэднія заробкі на канец году да 1000 рублёў ці 500 даляраў. І пры гэтым той жа міністар эканомікі Зіноўскі заяўляе, што немагчыма падвышаць заробкі без павышэньня прадукцыйнасьці працы, бо гэта аксіёма эканомікі. Але калі кіраўнік дзяржавы загадвае, то ўсе аксіёмы разбураюцца.

Хацеў бы зьвярнуць увагу, што інвэстыцыі ў асноўны капітал працягваюць падаць. За студзень-сакавік яны ўпалі на 6,5%. Гэта не дазваляе казаць пра пазытыўныя пэрспэктывы.