За футра боязна!

Іван Гарохаў, «Запіў»

Спачатку ён хваліўся, што п’е за свае. Потым пазычаў, каб піць далей. Зь цягам часу нарабіў новых даўгоў, каб аддаць старыя, але жлукціць ня кінуў. І ўрэшце ў ліпеньскую сьпёку вынес жончына футра на продаж у краму, дзе набываў «бырло».

Міжволі ўспамінаю шлях свайго суседа-прапойцы ў даўгавую багну, калі чытаю чарговы агляд пра стан айчыннай эканомікі і фінансаў. Тыя ўжо на трэцім этапе руху ў апраметную: улазяць у новыя даўгі, каб сплаціць ранейшыя. Але кіроўцы старога, ужо добра расхістанага гаспадарчага рыдвана ўпарта не жадаюць збочваць са згубнай каляіны.

За футра боязна!.. І чым далей сунецца рыдван па каляіне, тым больш.

Мікалай Тоўсьцік

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org