Гістарычны музэй зьбірае грошы на выкуп манэт ВКЛ часоў Вітаўта

7200 рублёў неабходна сабраць для выкупу 9 сярэднявечных манэт для Нацыянальнага гістарычнага музэю. Праект запушчаны на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by.

У зборах галоўнага гістарычнага музэю краіны сёньня ёсьць толькі дзьве раньнелітоўскія манэты, піша ў апісаньні праекту Раман Крыцук, супрацоўнік музэю. Пенязь часоў Альгерда набылі ў 2010 годзе дзякуючы спонсарскай падтрымцы ААТ «Белзьнешэканомбанк». Яшчэ адзін пенязь часоў Вітаўта падарыла прыватная асоба.

Летась музэю прапанавалі набыць дзевяць раньнелітоўскіх пенязяў — манэты часоў вялікіх князёў Вітаўта і Ягайлы. Іх агульны кошт — 7200 рублёў. Калі ўдасца сабраць грошы, купленыя манэты зьмесьцяць у экспазыцыі «Старажытная Беларусь» замест муляжоў грыўняў.

Паводле стану на 24 красавіка для выкупу манэт сабрана 815 рублёў. Да сканчэньня кампаніі засталося пяць дзён.