5 прадуктаў, якіх трэба пазьбягаць перад сном

Шакаляд, віно, смажаная бульба і многія іншыя прадукты могуць скрасьці ваш сон. Пра гэта на сайце harecare.com піша Тэйлар Лупоў.

Калі вы думаеце, што ваш рацыён і начны сон ня зьвязаны паміж сабой, вы памыляецеся. Насамрэч, ежа, якую вы ясьце вечарам, можа перашкаджаць сну.

Хоць позьнія вячэры часам непазьбежныя, дасьледаваньні паказваюць, што позьні пачастунак незалежна ад таго, што менавіта вы зьелі, пагаршае якасьць сну. І ўсё ж некаторыя прадукты горшыя за іншыя. Калі вы будзеце пра іх ведаць, вы зможаце лепш высыпацца і адпачываць у ложку.

Шакаляд

Цёмны шакаляд можа прынесьці карысьць вашаму сэрцу, але вельмі неспрыяльны для добрага начнога сну.

Антыаксыданты, знойдзеныя ў цёмным шакалядзе, якія паходзяць з какава-бабоў, спрыяюць здароўю сэрца, судзінаў і павышаюць узровень добрага халестэрыну (HDL). Разам з тым, чым вышэй у шакалядзе адсотак какавы, тым больш у ім і кафэіну. У 30 грамах цёмнага шакаляду ўтрымліваецца прыблізна 40 мг кафэіну — столькі ж, колькі і палове кубка кавы. Такая доза можа сур’ёзна пагоршыць ваш сон.

Тлустыя прадукты

Паводле сёньняшніх уяўленьняў, у здаровай дыеце ёсьць месца і тлушчам. Але гэта не адносіцца да часу перад сном.
Чырвонае мяса ці прадукты з апрацаванага мяса, смажаніна і такая ежа, як бульбяныя чыпсы, утрымліваюць шмат тлушчу. Тлустая ежа выклікае пякотку і праблемы са страваводам, што, у сваю чаргу, пагаршае засынаньне і павялічвае рызыку прачнуцца сярод ночы. Таму калі вы ўсё ж зьбіраецеся падсілкавацца тлустай ежай, рабіце гэта прынамсі за тры гадзіны перад сном.

Алькаголь

Любы, хто калі-небудзь браў лішнюю чарку перад сном, ведае, што алькаголь робіць нас соннымі. Але гэтае санлівае пачуцьцё не абавязкова пераходзіць у спакойны сон. Алькаголь здольны, напрыклад, абвастрыць існуючыя праблемы з дыханьнем і прымусіць вас прачнуцца некалькі разоў на працягу ночы. Агляд дваццаці дасьледаваньняў паказаў, што спажываньне алькаголю перад сном нэгатыўна ўплывае на якасьць сну. Тыя ж, хто спрабуе лячыць бяссоньне кактэйлем ці гарэлкай, рызыкуе павялічыць узровень стомленасьці і стрэсу.

Вострая ежа

Наперчаныя прадукты ня будуць выклікаць у вас начныя кашмары, але здольныя перабіць вечаровую санлівасьць. У некаторых людзей вострая ежа выклікае закідваньне страўнікавай кіслаты ў стрававод, што ў сваю чаргу выклікае пякотку і спараджае хваробу, так званы гастраэзафагіяльны рэфлюкс. Калі ж вы ўжо пакутуеце на рэфлюкс, вострая ежа пагаршае цячэньне хваробы і выклікае абвастрэньні. Да таго ж сымптомы пякоткі пагаршаюцца ў ляжачым стане, што таксама ўплывае на сон.

Марозіва

Паклаўшы галаву на падушку, каб заснуць, вы можаце пашкадаваць, што нядаўна зьелі пару лыжак марозіва. Марозіва — гэта вельмі тлустая і вельмі салодкая ежа. Адзін кубак шакаляднага марозіва, напрыклад, утрымлівае 14 грамаў тлушчу і 34 грамы цукру. І тое, і тое, паводле нядаўняга дасьледаваньня, зьвязаныя з павярхоўным сном і з частымі прачынаньнямі. Зь іншага боку, дасьледаваньні паказваюць і на адваротную сувязь — дрэнны сон сам па сабе выклікае цягу да нездаровай ежы. Але цягу да салодкага можна задаволіць і здаровым спосабам. Напрыклад, зьешце яблык у пары з нятлустым сырам або з крэкерам з суцэльнага збожжа і натуральным арахісавым маслам.