Адзін са стваральнікаў гурту Ўладзімер распавёў Радыё Свабода, што музыкі падалі скаргу на тэлеканал, паколькі той без дазволу гурту выкарыстаў іх кампазыцыю.
«Мы сваю музыку ніколі не асацыявалі з палітыкай, а тым больш з дзяржпрапагандай. Тым больш пад такім кантэнтам мы б ніколі не падпісаліся. Гэты фільм быў зроблены па замове пасьля вядомых падзеяў. Наша музыка там гучаць не павінна, і нашага імя там быць не павінна».
Аўтарскія правы на выкарыстаную песьню належаць Надзеі, ідэйнай натхняльніцы гурту Irdorath. Менавіта яна падала скаргу. Аднак, паводле музыкаў, судзіцца з БТ яны не зьбіраюцца.
«Судзіцца з такім гігантам — гэта трэба жыцьцё на гэта пакласьці. Але нас задавальняе і гэты вынік. Youtube адрэагаваў хутка. І пакуль мы не плянуем судзіцца» — сказаў Уладзімер.
Без дазволу праваўладльніка ў фільме БТ была выкарыстаная вось гэтая кампазыцыя:
Фільм «Белы легіён чорных душ» БТ паказала 12 красавіка. Свабода падрабязна прааналізавала зьмест і пасланьні фільму, якія афіцыйная прапаганда выслала празь яго грамадзтву.