21 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — мітынгу па абароне тэрыторыі забудовы Курапатаў, які адбыўся 25 лютага.
Судзьдзя Дзьмітры Цыкал пастанавіў прызнаць Кулакова вінаватым у парушэньні ч.3 арт. 23.34 КаАП і пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь — 1150 рублёў, або 600 даляраў у эквіваленце.
26 красавіка Кулакова чакае новы суд. У тым жа судзе Першамайскага раёну будзе разглядацца справа аб абмежаваньні Леаніда Кулакова ў праве кіраваньня транспартным сродкам. Такая магчымасьць у заканадаўстве прадугледжаная для тых, хто мае запазычанасьць па штрафах. Кулакоў працуе на таксі, гэта ягоны асноўны сродак заробку.
19 красавіка актывіст выйшаў на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пасьля 25 сутак арышту — самы вялікі арышт, прысуджаны затрыманым удзельнікам Дня Волі. Тым часам супрацоўнікі органаў прымусовага выкананьня канфіскавалі ягоны аўтамабіль за няпоўную сплату ранейшых штрафаў.