Карысная, не таксычная, не наркатычная: ва Ўкраіне адкрываюць цэнтар лячэньня каноплямі

У маленькім ўкраінскім мястэчку Глухаў на мяжы з Расеяй мэр выявіў, што ўлады ня ў стане аплаціць хворым нават самыя танныя прэпараты для хіміятэрапіі, а для мясцовых жыхароў самім аплачваць лячэньне раку занадта дорага.

І тады кіраўнік гораду вырашыў нестандартна падысьці да лячэньня анкалягічных і іншых сур’ёзных хваробаў — адкрыць цэнтар тэрапіі... каноплямі.

«У гэтым кабінэце, дзе вы зараз знаходзіцеся, кожны тыдзень ідзе прыём грамадзян. І шмат хто з жыхароў Глухава распавядае, як цяжка для іх лячыць рак і розныя віды склерозу, хваробу Паркінсана, хваробу Альцгаймэра, — распавядае мэр Глухава Мішэль Цярэшчанка. — Людзям бывае трэба набыць прэпарат для эфэктыўнай хіміятэрапіі, на гэта ім трэба 3-4-5 тысяч даляраў. На жаль, у іх гэтых грошай няма. І, на жаль, горад ня можа ім дапамагаць, ня можа даць больш за 5 тысяч грыўняў. А 5 тысяч грыўняў — гэта ня 5 тысяч даляраў».

Каб палегчыць пакуты хворых, Цярэшчанка разам з інвэстарамі распрацоўвае бізнэс-плян мэдычнага цэнтру, дзе будуць лячыць каноплямі, а таксама магчымасьць рэалізаваць ідэю ў рамках антынаркатычнага закону, які дзейнічае ва Ўкраіне. Кіраўнік гораду ўдакладняе: такая магчымасьць ёсьць, бо лячыць у Глухаве плянуюць не марыхуанай, а так званай «тэхнічнымі каноплямі».

«Мы будзем выкарыстоўваць крэм, мазь, можа быць прадукты харчаваньня і напоі, якія будуць карысныя ў рамках закону, і паглядзім, ці будзе добры вынік», — кажа мэр.

Паводле яго слоў, ва Ўкраіне ёсьць магчымасьць вырошчваць толькі гатункі, якія зарэгістраваныя ў каталёгу расьлін — «абсалютна карысных, не таксычных, абсалютна не наркатычных». «Ніхто іх не выкарыстоўвае для іншых мэтаў», — запэўнівае ён.

Мішэль Цярэшчанка

Каля 30 гадоў таму менавіта ў Глухаве навукоўцы вывелі спэцыяльны гатунак канопляў — зь мінімальнай колькасьцю тэтрагідраканабінолу.

«У таксычным гатунку канопляў утрымліваецца 13-15% тэтрагідраканабінолу, у тэхнічным гатунку, як у нас у Глухаве, 1,5-3%», — кажа мэр.

Пакуль што з такіх тэхнічных канопляў ва Ўкраіне вырабляюць адзежу, матэрыялы для будаўніцтва, харчовыя дабаўкі. Дырэктар Інстытуту лубяных культур Ігар Марыйчанка заўважае, што для таго, каб лячыць, неабходна выкарыстоўваць лісьце і суквецьці канопляў. Але паводле дзейснага ва Ўкраіне закону можна выкарыстоўваць толькі сьцябло і насеньне расьліны.

«У Вярхоўнай Радзе на разглядзе ўжо ляжыць законапраект, які дазваляе выкарыстоўваць каноплі для вытворчасьці лекаў. Мы яго актыўна прасоўваем», — кажа Цярэшчанка.

Падтрымлівае ідэю Цярэшчанка і кіраўнік Украінскай канаплянай асацыяцыі Аляксандр Чыжоў. У канцы мінулага году ён з аднадумцамі нават арганізаваў у Кіеве канапляны Марш за легалізацыю выкарыстаньня розных гатункаў марыхуаны ва Ўкраіне.

«Мы хочам, каб велізарны рынак канопляў быў урэгуляваны на заканадаўчым узроўні, — кажа Чыжоў. — Мы зыходзім з таго, што ёсьць вопыт іншых краін. У некаторых штатах ЗША каноплі фактычна легалізаваныя. У Канадзе, у Галяндыі ёсьць аптэкі, а ў Нямеччыне з 2019 году каноплі плянуюць выкарыстоўваць афіцыйна як мэдычны сродак».

Для ўвасабленьня задуманага ў жыцьці Мішэлю Цярэшчанка застаецца знайсьці лекараў-спэцыялістаў. Але тых, хто прафэсійна лечыць каноплямі, ва Ўкраіне проста няма.

А вось Алена Калесьнік, дырэктарка Інстытуту раку Ўкраіны, скептычна ставіцца да ідэі канаплянага анкалягічнага цэнтру.

«Ёсьць спэцыялісты, якія займаюцца фіталячэньнем. Але як правіла, гэта нейкая тэрапія ў падтрымку, — заўважае лекар. — Прэпаратаў, якія замяняюць хіміятэрапію, проста няма. А каб менавіта каноплі замянялі хіміятэрапію, — я пра такое нідзе ня чула».

Але Мішэль Цярэшчанка пакуль настроены аптымістычна. Ён верыць, што ўсё пойдзе па пляне, і тады ўжо праз тры месяцы ўкраінцы легальна і пад наглядам прафэсіяналаў змогуць лячыць каноплямі рак, склероз, хваробы Паркінсана і Альцгаймэра.