Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў на сайце «Беларуская салідарнасьць» створаную пад ягоным кіраўніцтвам праграму «Вольная Беларусь». Паводле яго, праграма закранае ўсе аспэкты дзяржаўнага жыцьця: палітыку, эканоміку, культуру, адукацыю, войска, сыстэму аховы здароў’я.
«Праграма прапануе сыстэму палітычных, эканамічных і культурных дачыненьняў, на якіх можа грунтавацца наша вольная дзяржава» — сказана ў прадмове. Праграма прадугледжвае парлямэнцка-прэзыдэнцкую сыстэму ўлады, вызначае функцыі парлямэнту і прэзыдэнта (апошні пазбаўлены права выдаваць указы і дэкрэты), прадугледжвае новы адміністрайны падзел краіны, вызначае стасункі з NATO і Эўразьвязам і г. д.
Праграма зробленая для ўсёй нацыі.
«Вольная Беларусь» — гэта праект будучай вольнай краіны, і закранае ўсе аспэкты дзяржаўнага жыцьця: і палітыку, і разьмежаваньне ўладаў, і эканоміку, і культуру, адукацыю, войска, сыстэму аховы здароў’я, — сказаў Зянон Пазьняк у інтэрвію Радыё Свабода. — Калектывам аўтараў доўгі час вялася вялікая праца, і зараз праграма гатовая. Яна пабудаваная па мадэлі канстытуцыі — гэта значыць, у ёй адпаведная структура, адпаведны падыход фармулёвак, але фармулёўкі і палажэньні суправаджаюцца тлумачэньнямі і заўвагамі, гэта ўжо такі праграмны момант. Праграма зробленая для ўсёй нацыі. Гэта значыць, што любая беларуская сіла, якая пяройме ўладу пасьля ліквідацыі рэжыму, можа карыстаць з гэтай праграмы. Яна прадугледжвае ўнівэрсальныя падыходы да стварэньня найлепшай мадэлі дзяржавы. Паўтараю, гэта вынік вялікай працы калектыву спэцыялістаў і палітыкаў. І 24 красавіка ў Варшаве мы правядзем прэзэнтацыю гэітай праграмы".
Сярод стваральнікаў праграмы заяўленыя былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі, Юры Беленькі, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Папкоў, доктар сельскагаспадарчых навук Юры Цехановіч, доктар паліталёгіі Павал Вусаў, эканамісты Анатоль Горскі і Павал Мірановіч.