Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (РІСД), колішні прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў зрабіў заяву з нагоды паведамленьня агенцтва Reuters аб тым, што ў РІСД вялася работа над плянамі ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША.
Аўтары гэтай задумы не сувымерылі ў сваёй кансьпіралягічнай сьвядомасьці існуючыя рэаліі з пажаданымі фантазіямі.
«Яшчэ да прыходу ў РІСД мне было вядома, што інстытут зьяўляецца аўтарытэтнай аналітычнай структурай, якая мае ў сваім складзе кваліфікаваных спэцыялістамі, але ўжо сапраўды не настолькі і не для таго, каб, як спрабуюць прыпісаць інстытуту, „пракручваць“, па сутнасьці, загадзя падрыхтаваныя інфармацыйныя апэрацыі. Я ў гэтым пераканаўся, ужо прыйшоўшы ў РІСД ў якасьці дырэктара, — заявіў Фрадкоў. — Падобна на тое, што аўтары гэтай задумы не сувымерылі ў сваёй кансьпіралягічнай сьвядомасьці існуючыя рэаліі з пажаданымі фантазіямі, каб у чарговы раз прыцягнуць увагу да тэмы „ўдзелу“ Расеі ў перадвыбарчай кампаніі ў ЗША, якая ўжо сыходзіць з грамадзкага ўспрыманьня».
Міхаіл Фрадкоў узначаліў РІСД сёлета, зьмяніўшы на гэтай пасадзе генэрал-лейтэнанта Леаніда Рашэтнікава, вядомага ў Беларусі скандальнымі заявамі пра тое, што беларуская мова нібыта была створаная ў 1926 годзе пастановай ЦК ВКП(б), а беларуская дзяржава несамастойная і не павінна парушаць «прыродную» сувязь з Расеяй. У той пэрыяд, пра які паведамляе Reuters, дырэктарам РІСД быў Рашэтнікаў.
Пра працу РІСД над плянамі па ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША, Reuters паведаміла са спасылкай на сем неназваных былых і дзейных амэрыканскіх чыноўнікаў.
Як сьцьвярджае агенцтва, на думку амэрыканскіх спэцслужбаў, кампанія была арганізаваная ўладамі Расеі. Інстытут стварыў прынамсі два канфідэнцыйныя дакумэнты з прапановамі ў прапагандысцкай кампаніі на выбарах у ЗША. Атрыманыя спэцслужбамі ЗША ўжо пасьля выбараў, гэтыя дакумэнты сталі для адміністрацыі Абамы галоўным доказам таго, што Расея ладзіла прапагандысцкую кампанію і сэрыю кібэратак з мэтай уплыву на выбары, піша Reuters.
Першы дакумэнт, створаны ў чэрвені 2016 году, «цыркуляваў на вышэйшых узроўнях расейскага ўраду». Ён прапануе запусьціць у падкантрольных міжнародных СМІ (RT, Sputnik ды іншых, а таксама падкантрольных блогераў) кампанію агітацыі за больш мяккага да Расеі кандыдата. Гэты дакумэнт, сьцьвярджае Reuters, быў працягам ранейшай кампаніі пазытыўных аповедаў пра кампанію тагачаснага кандыдата Дональда Трампа.
Другі дакумэнт, распрацаваны ў кастрычніку 2016 году, прапануе сканцэнтравацца на кампаніі супраць кандыдаткі Гілары Клінтан і паведамленьнях пра магчымыя фальсыфікацыі на выбарах, бо меркавалася, што Трамп на выбарах прайграе.
Яшчэ да публікацыі Reuters агенцтва ТАСС распаўсюдзіла заяву інстытуту пра тое, што пытаньні неназваных СМІ пра сувязь Крамля і інстытута з прапагандысцкай кампаніяй — «недарэчны жарт». У Sputnik адказалі Reuters, што паведамленьні крыніцаў агенцтва — «абсалютная хлусьня». RT і інстытут не адказалі на пытаньні Reuters.
Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы раней заявіў, што згодны са зьвесткамі выведкі аб датычнасьці найвышэйшага кіраўніцтва Расеі да кібэратак падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У апошнія дні прэзыдэнцтва Барак Абама ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі зь яе кібэратакамі, умяшаньнем у прэзыдэнцкія выбары ды іншымі дзеяньнямі, у тым ліку ціскам на амэрыканскіх дыпляматаў у Маскве. Дональд Трамп ставіў пад сумнеў высновы выведкі аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Расея адмаўляе свой удзел у кібэратаках і ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары.