Ён быў адным з самых яркіх крытыкаў Уладзіміра Пуціна ў 90-я гады і адзіным у тыя гады, хто выказваў асьцярогі з нагоды таго, што ўлада ў Расеі паступова пераходзіць у рукі спэцслужбаў.
Вось што распавёў Андрушчанка пра ўзыходжаньне Пуціна да ўлады і аб яго закліках «рабіць бабкі» ў інтэрвію тэлепраекту Свабоды «Настоящее Время»:
* Памяць у Пуціна «як у кампутара»: «Калі ён туды нешта заклаў, то гадоў праз 10 ён гэта дастане і будзе выкарыстоўваць».
* Калі Пуцін з кімсьці сам-насам — «ён бывае шчырым».
* Палітыка ў разуменьні Пуціна «спалучаецца з зарабляньнем грошай»: «Бо яго палітыка і пачалася з грошай. Першае, што яму даручылі, яшчэ да таго, як ён стаў прэзыдэнтам — сабраць усе грошы СССР, а гэта — гіганцкія сумы, раскіданыя па ўсіх краінах сьвету».
* Пуцін быў звольнены зь Нямеччыны «паводле кампрамэтуючых абставінаў».
* Да Пуціна ставіліся ў «дастаткова пагардліва»: «У той час у яго была мянушка «Моль».
На Мікалая Андрушчанку напалі 9 сакавіка сёлета, калі ён ішоў на дзелавую сустрэчу з рэдакцыі «Новага Пецярбурга». Ноччу хуткая дапамога забрала яго з чэрапна-мазгавой траўмай у лякарню.
«Пасьля шпіталізацыі Мікалаю Сцяпанавічу правялі апэрацыю на мозгу, увялі яго ў мэдыкамэнтозную кому, падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пару дзён таму адключылі, ён стаў самастойна дыхаць, але сёньня раніцай памёр.», — паведаміла дырэктарка «Новага Пецярбурга» Аляўціна Агеева.
У 2007 годзе Мікалай Андрушчанка быў арыштаваны і зазнаў катаваньні ў СІЗА. У 2009-м суд прысудзіў яму штраф паводле абвінавачваньня ў экстрэмізму і паклёпе. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў журналіста палітвязьнем.