Злачынства — ня «справа сямейная»

Наста Захарэвіч

Першы прынцып любой дапамогі — не нашкодзіць сваім умяшаньнем. У тэорыі гэта вельмі проста, але на практыцы знайсьці балянс і вызначыць «кропку невяртаньня», пасьля якой ужо позна штосьці рабіць, вельмі складана.

Я, напрыклад, упэўнена, што Дэкрэт № 18 — гэта вялікае зло, і што ў абсалютнай большасьці выпадкаў дзяцей паводле гэтага дэкрэту забіраюць зь сем’яў не ў інтарэсах гэтых самых дзяцей. Таксама мы ведаем выпадкі, калі гэты закон выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу: гомельскай журналістцы Ларысе Шчыраковай пагражаюць адабраць дзіця без рацыянальных прычын.

Калі ёсьць яўная небясьпека здароўю і жыцьцю праз абыякавасьць бацькоў, дзяцей нельга зь імі пакідаць.

Але бываюць сытуацыі, калі трэба ісьці на самыя жорсткія меры і ў тым ліку пазбаўляць людзей бацькоўскіх правоў. Да апошняга закон мусіць працаваць на тое, каб дзіця засталося ў сям’і, аднак калі ёсьць яўная небясьпека здароўю і жыцьцю праз абыякавасьць бацькоў, дзяцей нельга зь імі пакідаць.

Некалькі дзён таму ў сацыяльных сетках актыўна шукалі бацькоў двух маленькіх хлопчыкаў. Дзяцей знайшла ў нейкім пад’езьдзе незнаёмая жанчына, якая вырашыла не прайсьці міма і, магчыма, выратавала іх жыцьці. Як аказалася, бацька хлопцаў знаходзіцца ў турме, а маці кудысьці зьнікла, і тэлефон у яе быў адключаны. Праз суткі пасьля пачатку пошукаў маці выйшла на сувязь, зь ёй усё добра.

Знаёмыя гэтай жанчыны расказваюць, што ведалі пра яе праблемы з алькаголем і бачылі, што дзеці разам зь ёй знаходзяцца ў цяжкім і небясьпечным становішчы. Хлопцаў нават неяк забіралі да сябе пажыць, а саму жанчыну «ратавалі булёнамі».

Цяпер яны кажуць, што зьбіраліся блізкім часам «куды-небудзь заявіць, але не пасьпелі».

Назваць гэтых людзей абыякавымі нельга: яны не адварочваліся, а дапамагалі, але іх шкадаваньне альказалежнай маці ўсё адно атрымалася супраць дзяцей. Цяпер яны кажуць, што зьбіраліся блізкім часам «куды-небудзь заявіць, але не пасьпелі». На жаль, выпадак гэтай сям’і — бадай той самы, калі дзецям будзе лепш бяз маці (бацька ў іх жыцьці ўжо адсутнічае), бо ў прытулку ў іх менш шансаў памерці.

Аднак, гэты выпадак — даволі незвычайны: знаёмыя ўмешваліся ў сытуацыю і дапамагалі жанчыне і дзецям. Часьцей у стужкі навінаў трапляюць іншыя гісторыі — гісторыі, у якіх суседзі і знаёмыя сем’яў ня робяць абсалютна нічога, калі дзяцей за сьценкай зьбіваюць (часам да сьмерці), альбо калі малых пакідаюць саміх у хаце на некалькі дзён. У большасьці выпадкаў героі гэтых гісторый жывуць у шматкватэрных дамах з дакладна неідэальнай гукаізаляцыяй, і іх суседзі добра чуюць крыкі і дзіцячы плач, але вырашаюць «не лезьці ў чужыя справы».

І толькі калі трагедыя ўжо адбылася, у навінах можна прачытаць камэнтары гэтых суседзяў: яны расказваюць, што заўжды ведалі, што сям’я праблемная, і што часта чулі скандалы, і што ў той кватэры часта былі п’яныя кампаніі, і што ніхто ня бачыў, каб з дзецьмі выходзілі на шпацыр, і што яны вельмі, вельмі перажывалі за гэтых дзяцей.

Зьніклых бацькоў дзяўчынкі ўвесь гэты час ніхто сур’ёзна не шукаў.

Так, напрыклад, у студзені 2015 году ў гомельскай кватэры было знойдзена змуміфікаванае цела немаўляці, якое праляжала там 8 месяцаў. Зьніклых бацькоў дзяўчынкі ўвесь гэты час ніхто сур’ёзна не шукаў: яны ўжо ня першы раз сыходзілі ў невядомым напрамку. Раней, праўда, абыходзілася без трупаў.

Часта прычына дзіцячых пакутаў — ня толькі агрэсіўныя ці абыякавыя бацькі, але таксама і абыякавыя навакольныя. У бацькоў звычайна ёсьць сваякі, далёкія і блізкія знаёмыя і, зноўку ж, суседзі. Але да дзяцей часта ставяцца як да рухомай маёмасьці і кажуць, што гэта ўсё ўнутраныя справы сям’і, і няма чаго туды лезьці.

Адсутнасьць шапкі пры тэмпэратуры +15 шкодзіць дзіцяці дакладна менш, чым сыстэматычнае зьбіцьцё, якое чамусьці часта называюць мэтадам выхаваньня.

Не надта зразумела, праўда, чаму абарона дзяцей ад пабояў — гэта неправамернае ўмяшаньне ў справы сям’і, а няпрошаныя настаўленьні, чым карміць і як апранаць — цалкам нармальная камунікацыя нават з малазнаёмымі дарослымі. Адсутнасьць шапкі пры тэмпэратуры +15 шкодзіць дзіцяці дакладна менш, чым сыстэматычнае зьбіцьцё, якое чамусьці часта называюць мэтадам выхаваньня.

Знайсьці балянс і праўда вельмі цяжка, бо часам дзеці могуць вельмі эмацыйна і гучна рэагаваць на зусім негвалтоўныя дзеяньні, але ж мы любую сытуацыю ў жыцьці ацэньваем па сукупнасьці фактараў. Ня ўсё ў жыцьці можна прадбачыць, і не ад усяго можна абараніцца, але некаторыя рэчы вельмі прадказальныя. Калі суседзі сыходзяць у запоі, а з імі жыве маленькае дзіця, то з вялікай доляй імавернасьці зь ім рана ці позна здарыцца бяда.

Насуперак народнай мудрасьці, маўчаньне — не заўжды золата. Часта яно грае на карысьць злу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.