Пагашэньне Беларусьсю доўгу за пастаўкі расейскага газу ў памеры 726,2 млн даляраў ЗША не прывядзе да зьніжэньня золатавалютных рэзэрваў, заявіў журналістам першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Тарас Надольны.
«Усе даўгі, якія меліся, мы пагасілі. Рэзэрвы ня зьнізяцца, таму што Нацыянальны банк сёньня працуе над тым, каб выкарыстоўваць іншыя інструмэнты прыцягненьня рэсурсаў: аблігацыі выпускаем, Міністэрства фінансаў таксама працуе на рынках. Таму рэзэрвы ня зьнізяцца, усё будзе нармальна», — сказаў Надольны, якога цытуе БелаПАН.
Паводле яго, грошы «Газпрому» былі накіраваныя часткова з ЗВР, часткова зь бягучай ліквіднасьці, якая не адносіцца да рэзэрвовых актываў.
«Таму той недахоп, які пайшоў з рэзэрваў, мы кампэнсуем», — адзначыў прадстаўнік Нацбанку.
Беларусь пагасіла доўг за газ 13 красавіка ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, дасягнутымі на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. У дзень пагашэньня доўгу намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка падпісаў у Маскве пакет пагадненьняў, якія рэгулююць дачыненьні дзьвюх краінаў у нафтагазавай сфэры. Акрамя таго, Менску былі абяцаны новы расейскі крэдыт да 1 млрд даляраў і чарговы транш крэдыту з фонду ЭўрАзЭС памерам 600 млн даляраў.
На 1 красавіка міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі паводле мэтадалёгіі МВФ складалі за 5 млрд 16,1 млн даляраў.