Міжнародны суд абвесьціць рашэньне наконт часовых захадаў на пазоў Украіны супраць Расеі

Слуханьні пазову Ўкраіны супраць Расеі ў Міжнародным судзе ў Гаазе, 6 сакавіка 2017 году

Галоўная судовая інстанцыя пад эгідай ААН, Міжнародны суд, 19 траўня абвесьціць рашэньне наконт часовых захадаў у сытуацыі паміж Расеяй і Ўкраінай. Як паведамляе прэс-служба інстанцыі, пасяджэньне адбудзецца ў Гаазе, яно заплянаванае на 15:00 паводле мясцовага часу (гэта 16:00 па менскім часе).

У студзені Ўкраіна падала пазоў у Міжнародны суд супраць Расеі пра парушэньне ёю Міжнароднай канвэнцыі аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і Міжнароднай канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. У пачатку сакавіка ў Міжнародным судзе ААН, вышэйшым судовым органе ў сыстэме ААН, завяршыліся публічныя слуханьні, якія тычацца першага этапу разгляду пазову, а менавіта вырашэньня пытаньня, ці прымяніць часовыя захады, пра якія ў суду просіць Украіна.

Украіна, сярод іншага, просіць суд дамагчыся ад Расеі неадкладна спыніць матэрыяльную ды іншую падтрымку «групаў, якія зьвярталіся да актаў тэрарызму супраць цывільных ва Ўкраіне» і аказаць ціск на такія групы, каб яны ў далейшым не рабілі такіх актаў, а таксама ўстрымацца ад дыскрымінацыі ў Крыме, у прыватнасьці спыніць дзеяньне забароны Мэджліса крымска-татарскага народу і ягонай дзейнасьці і расьсьледаваць зьнікненьне крымскіх татараў.

Пасьля расейскай анэксіі Крыму на Данбасе працягваецца ўзброены канфлікт, у выніку якога загінулі, паводле зьвестак ААН, амаль 10 000 чалавек. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Раея таксама сьцьвярджае пра «законнасьць» захопу Крыму насуперак міжнароднаму праву як «аднаўленьне справядлівасьці».