Спораўцы бяз бунту пагадзіліся перадаць возера ў арэнду свайму земляку

Спораўскае возера

Жыхары вёскі Спорава (Бярозаўскі раён, Берасьцейшчына) пагадзіліся аддаць возера ў арэнду свайму аднавяскоўцу. Супраць ранейшага прыежджага арандатара паўставала ўся вёска, і ўлады мусілі скасаваць зь ім арэнду.

Бярозаўскі райвыканкам арганізаваў у вёсцы Спорава грамадзкія слуханьні ў пытаньні перадачы мясцовага возера ў арэнду для ажыцьцяўленьня прамысловага і платнага аматарскага рыбалоўства. Блізу сотні вяскоўцаў прыйшлі на сход і пагадзіліся, каб арандатарам возера стаў іхны зямляк Аляксандар Юркевіч.

У часе сходу сяляне абураліся непрымальнымі ўмовамі рыбалоўства для мясцовых людзей — маўляў, хаця б адну сетку дазволілі ставіць. Чыноўнікі паведамілі, што сеткамі лавіць будзе па-ранейшаму забаронена, але вудамі спораўцы змогуць цяпер лавіць рыбу бясплатна.

Аляксандар Юркевіч, новы арандатар Спораўскага возера

Два гады таму адбыўся скандал вакол арэнды Спораўскага возера. У вёсцы тады ўсчаўся сапраўдны бунт супраць тагачаснага прыежджага арандатара Анатоля Заблоцкага.

Сяляне абурыліся, што ўлады перадалі возера прадпрымальніку Заблоцкаму без абмеркаваньня зь імі. Апроч таго, шмат прэтэнзіяў выказвалі да тагачаснага арандатара наконт таго, што ён пазбавіў вяскоўцаў доступу да возера і нават «дзяцей на лёд возера пакатацца не пускаў».

Паміж спораўцамі і арандатарам успыхвалі канфлікты, у выніку ў яго доме нават павыбівалі вокны.

Мясцовыя ўлады спрабавалі залагодзіць канфлікт, але спораўцы цьвёрда запатрабавалі пазбавіць Заблоцкага арэнды возера. Чыноўнікі мусілі пагадзіцца, і зь 2015 году арандатара ў возера не было.

Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі на сход у Спораве

Цяпер улады знайшлі кампрамісны варыянт (здаць у арэнду возера мясцоваму чалавеку) і загадзя правялі грамадзкія слуханьні, каб абмеркаваць арандатарства з самімі спораўцамі.

***

Вёска Спорава — надзвычай жывапіснае месца. Паселішча цягнецца ўздоўж возера, у дварах, якія выходзяць проста да вады, — чаўны.

Тут Спораўскі заказьнік, які першым у Беларусі атрымаў статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня. Спораўскі заказьнік — вызначальнае месца гнездаваньня вяртлявай чаротаўкі, птушкі, якая знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Гняздуюцца тут яшчэ 20 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

У заказьніку штогод ладзіцца нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе «Спораўскія сенакосы». Пераможцы спаборніцтваў едуць на чэмпіянат Эўропы па касьбе.

Спорава — мясьціна, вядомая і народным гумарам. Кожныя пяць гадоў тут праводзіцца абласны фэстываль «Спораўскія жарты».