Праваабаронца зь «Вясны» Тацяна Равяка прыйшла сёньня ў Цэнтральны раённы суд Менску з ноўтбукам і торбай, у якую сабрала харчы ды асабістыя рэчы.
18 красавіка яе пачалі судзіць за ўдзел у акцыі салідарнасьці 26 сакавіка ў цэнтры Менску, паводле якой праваабаронцу абвінавачваюць у брыдкаслоўі ды непадпарадкаваньні міліцыі.
Для Тацяны Равякі сёньняшні суд — трэці за час яе праваабарончай дзейнасьці, якой у гэтыя дні спаўняецца 21 год. Раней праваабаронцу каралі штрафамі, цяпер яна не выключае арышту.
— Навошта торба з харчамі? Мяркуеце, могуць пасадзіць? — спытаў у Тацяны перад судом карэспандэнт Свабоды.
— Раней таксама думала, што не пасадзяць, але ўчора ў Віцебску нашага калегу Паўла Левінава арыштавалі на 15 сутак, дык цяпер нічога не выключаю.
— Тацяна, чым вы тлумачыце жорсткасьць, зь якой улады адказалі на выхад людзей на вуліцы Менску падчас сьвяткаваньня Дня Волі?
— Столькі ўжо выказалі вэрсій пра гэта: і расейскі сьлед, і тое, што сілавікі падкінулі Лукашэнку нейкую прычыну, каб абгрунтаваць свае жорсткія дзеяньні. Так, усё магчыма, але мне падаецца найбольш верагодным тое, што ўлады гэтак адказалі на хвалю пратэстаў у сувязі з кепскім эканамічным становішчам, на «маршы недармаедаў». І яшчэ іх вельмі занепакоіла тое, што людзі пачалі, акрамя эканамічных, выказваць і палітычныя патрабаваньні. Раней улады што казалі? Што ў нас нібыта лічаныя людзі цікавяцца палітыкай. Але мінулыя месяцы паказалі, што такіх людзей усё болей, асабліва выразна гэта было бачна 25 сакавіка. Таксама ўладу напалохала тое, што апазыцыя ўключылася ў масавыя пратэсты, падтрымлівала іх і лёзунгамі, і сваёй прысутнасьцю, прычым знаходзіла выдатнае паразуменьне з простымі людзьмі, якія выйшлі на плошчы — адсюль такія жорсткія захады супроць лідэраў апазыцыі і палітычных актывістаў. То бок мэта ўладаў была — не дазволіць палітызаваць пратэсты. Але збольшага было бачна, што ўлада ніяк не жадала прызнаваць катастрафічнасьць стану спраў у краіне, таму пайшла звычайным шляхам адносін да сваіх апанэнтаў. А гэта шлях разгону, сілавых спыненьняў, бо пакуль ён лічыцца найбольш эфэктыўным шляхам барацьбы зь незадаволенасьцю.
— У канцы сакавіка да брутальнага спыненьня масавых пратэстаў супроць дэкрэту № 3 дадалася справа «Белага легіёну». Як вы ацэньваеце пэрспэктывы гэтай справы? Чаму праваабаронцы дагэтуль не прызналі фігурантаў гэтай справы палітвязьнямі?
— Пакуль рана казаць пра пэрспэктывы, бо мы вельмі абмежаваныя ў інфармацыі. Паказальна, што нават адвакаты абвінавачаных у гэтай справе маўчаць, бо знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Што да прэтэнзій на адрас праваабаронцаў, чаму не прызналі гэтых людзей палітвязьнямі. Ведаю пра такое меркаваньне. Адказваю: так, мы можам мець свае ўласныя эмоцыі і ўяўленьні пра гэтую справу, але на гэтым не пабудуеш заключэньне. Нам патрэбныя аргумэнты, патрэбныя зьвесткі пра тое, што адбываецца ў гэтай справе. Пакуль гэтага недастаткова для аргумэнтаванага заключэньня.
— Яшчэ два месяцы таму лічылася, што ў Беларусі працягваецца лібэралізацыя. А як вы можаце ацаніць цяперашнюю сытуацыю з правамі чалавека?
— Сказала б, што яна вельмі вострая, прычым застаецца вострай, напружанасьць пасьля 25 сакавіка не спадае. Зьнешне нібыта сытуацыя нармалізуецца, людзі выходзяць з «сутак», новай хвалі масавых пасадак нібыта няма. Але я лічу, што сытуацыя застаецца крытычнай. Так, ёсьць паўза ў рэпрэсіях, але ня зьнятыя прычыны, па якіх можа быць працяг. Толькі цяжка сказаць, калі гэта будзе.
— Для вас як для праваабаронцы якая справа цяпер прыярытэтная?
— Несумненна, гэтак званая справа «Белага легіёну», дзе відавочны крымінальны перасьлед па палітычных матывах, а таксама наяўнасьць ужо трох палітвязьняў. Гэта Вячаслаў Касінераў, Зьміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Праваабаронцы зрабілі экспэртызу па іх справах і прыйшлі да агульнай высновы, што яны чарговыя беларускія палітвязьні. Вось на лёсах затрыманых у справе «Белага легіёну» і лёсах ужо прызнаных палітвязьнямі актывістаў і трэба ўсім нам цяпер сканцэнтравацца.
***
Суд над праваабаронцай Тацянай Равякай перанесьлі на 26 красавіка, бо на працэс зь невядомых прычын не зьявіўся адвакат, зь якім папярэдне яна заключыла дамову.
Судзьдзя Вікторыя Шабуня вырашыла, што працэс нельга працягваць, ня высьветліўшы, чаму няма адваката, і перанесла пасяджэньне на 26 красавіка.
Праваабаронцу зь «Вясны», прэзыдэнтку Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Тацяну Равяку вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыі і брыдкаслоўі падчас акцыі салідарнасьці з затрыманымі на Дзень Волі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 26 красавіка. Тады міліцыя затрымала каля 40 удзельнікаў акцыі. Тацяна Равяка сваёй віны не прызнае, кажа, што была на плошчы як праваабаронца.