Пасьля скарачэньня паставак расейскай нафты ў Беларусь экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі значна ўпаў: у студзені-лютым 2017 году ён па аб’ёмах скараціўся на 49,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2016 году, калі расейская нафта пастаўлялася ў поўным аб’ёме, перадае БелаПАН.
За студзень-люты 2017 году пастаўкі нафты з Расеі былі меншыя на 30% за такі ж пэрыяд 2016 году. Пры гэтым у даляравым выражэньні экспарт нафтапрадуктаў упаў ня так значна: толькі на 15% — да 677,5 млн даляраў.
Наколькі рэалістычная для Беларусі нерасейская нафта?
Беларусь і Расея дамовіліся ў сакавіку аднавіць пастаўкі нафты ў ранейшых аб’ёмах — вяртаньне да 24 млн тон на год супраць «скарочаных» 18 млн тон. Але з тых 24 млн тон толькі 18 пойдуць на нафтаперапрацоўчыя заводы, іншыя пойдуць кудысьці па не да канца зразумелай схеме.
За мінулы год у Мазырскага НПЗ чысты прыбытак зьменшыўся на 53% — да 164,68 млн беларускіх рублёў, у «Нафтана» — нават вырас на траціну, але застаўся «каля нуля».