Берасьцейскую актывістку «Маладой Беларусі», каардынатарку аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Натальлю Папкову затрымалі міліцыянты. Заўтра яе будуць судзіць.
Пра затрыманьне паведаміў у сваім фэйсбуку палітык Мікола Статкевіч:
«Спэцслужбы ў Берасьці не спыняюць спробаў маральна зламаць новага ліэара дэмакратычных сіл горада і рэгіёна Натальлю Папкову. За апошнія тыдні мужную дзяўчыну ўжо некалькі разоў зьмяшчалі пад адміністратыўныя арышты, штрафавалі, нават незаконна сілком адвозілі ў „псыхушку“. Як стала вядома, сёньня вечарам міліцыя зноў затрымала Натальлю. Зараз яна знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе Берасьця. Сябры Н. Папковай паведамляюць, што супраць яе была арганізавана правакацыя. Мы ўважліва сочым за сытуацыяй і зробім усё магчымае, каб абараніць Натальлю.»
Сяброўка Натальлі Папковай Людміла Захарэнка кажа, што ў Ленінскім РАУС ёй паведамілі, што Натальлю заўтра чакае суд па адміністратыўным артыкуле. У чым абвінавачваюць Натальлю Папкову, у міліцыі не патлумачылі.