Міжнародныя назіральнікі раскрытыкавалі рэфэрэндум у Турэччыне, вынікі якога пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта краіны Рэджэпа Эрдагана. Паводле іх ацэнак, кампанія праводзілася на «няроўным гульнявым полі», а падлік галасоў быў азмрочаны зьменамі ў працэдуры, зробленымі ў апошні момант.
Назіральнікі ад АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ў сумеснай заяве ад 17 красавiка адзначылі, што прававая база была недастатковай для правядзеньня сапраўды дэмакратычнага рэфэрэндуму.
Тана дэ Зулуэта, кіраўніца місіі зь Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), 17 красавіка заявіла, што рэфэрэндум у Турэччыне не адпавядаў міжнародным стандартам. Яна сказала, што рэфэрэндум супярэчыў абавязаньням Турэччыны па стандартах Арганізацыі на бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе і Рады Эўропы «адносна свабоды і роўнасьці ў кампаніі».
Адзначыўшы, што галасаваньне было праведзена ва ўмовах надзвычайнага становішча, яна заявіла, што людзі, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы з-за апэрацый па ўсталяваньні бясьпекі, і якія ў асноўным зьяўляюцца прадстаўнікамі курдзкага насельніцтва на паўднёвым усходзе Турэччыны, сутыкнуліся з цяжкасьцямі пры галасаваньні.
«Мы таксама адзначылі значны дысбалянс у кампаніі, у тым ліку дзякуючы актыўнаму ўдзелу прэзыдэнта, некалькіх вядучых чыноўнікаў на нацыянальным ўзроўні і многіх мясцовых публічных службовых асоб, якія заклікалі галасаваць „так“», — сказала яна.
Наша каманда назірала злоўжываньне адміністрацыйнымі рэсурсамі.
«Наша каманда назірала злоўжываньне адміністрацыйнымі рэсурсамі і стварэньне перашкодаў намаганьням партый і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, якія падтрымлівалі кампанію «не».
Кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЭ таксама сказала, што рыторыка кампаніі была «заплямленая некаторымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, што прыраўнялі прыхільнікаў „не“ да прыхільнікаў тэрарызму».
«У многіх выпадках, тыя хто падтрымліваў „не“ сутыкаліся з паліцэйскім ўмяшаньнем і жорсткімі бойкамі на сваіх мерапрыемствах,» — сказала яна.
Цэзар Флярын Прэда, кіраўнік дэлегацыі маніторынгу ПАРЭ, заявіў 17 красавіка журналістам у Анкары, што «бакі ня мелі роўных магчымасьцяў падчас агітацыйнай кампаніі».