Актывіста аштрафавалі на 575 рублёў за налепку. Ён кажа, што не ляпіў, але прасьцей заплаціць

Вадзім Бабін

Сябра руху «За свабоду» Вадзім Бабін даведаўся, што быў завочна аштрафаваны на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за «парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў»: ён нібыта наляпіў стыкер з гербам «Пагоня» на слуп у Карэлічах, паведамляецца на сайце руху.

Бабін кажа Свабодзе, што пра разгляд справы яму не паведамлялася — ён толькі даведаўся пра вынікі, атрымаўшы 16 красавіка ліст з пастановай аб штрафе, прызначаным адміністрацыйнай камісіяй Наваградзкага райвыканкаму на чале зь Мікалаем Піваварчыкам.

Бабін сьцьвярджае, што налепкі не ляпіў. 27 сакавіка ён быў асуджаны за нібыта непадпарадкаваньне міліцыі на 7 сутак арышту. Яшчэ тады міліцыянты сьцьвярджалі, што шукалі чалавека, які наляпіў стыкер, а Бабін нібыта адмовіўся належным чынам прад’явіць дакумэнты.

«Я так разважаю, што прасьцей заплаціць штраф, нічога такога ня будзе», — кажа Бабін. Прыгадваючы «багаты досьвед» адміністрацыйных спраў супраць яго, ён не спадзяецца на скасаваньне штрафу.