У вёсцы Гарадзец Рагачоўскага раёну, у канцы вуліцы Савецкай, у старэнькай, некалі ашаляванай хаціне жыве шматдзетная сям’я Ірыны Янавай. У яе трое дзяцей — сын і дзьве дачкі, усе школьнікі. Хата не свая, і зь яе могуць выселіць. За электраэнэргію даўно не плацілі, і мясцовы «Энэргазбыт» пагражае судом.
«А гэта ў мяне чацьвёртае дзіця», — паказвае жанчына на грамадзянскага мужа Івана Мікалаенку.
Трыццацігадовы мужчына з наколкамі на руках і характэрным, нарасьпеў, маўленьнем, якое выдае ў ім нядаўняга сядзельца месцаў «ня надта аддаленых», тлумачыць:
«Выселіць нас хочуць. Прыходзілі тут з сельсавета, са школы, зь міліцыі: „Высяляйцеся! Да 15 красавіка — і вас тут няма“. А куды высяляцца? Намёт мне тут на полі ставіць і зь дзецьмі туды перасяляцца? У мяне працы няма, я ў жонкі на карку сяджу. Нідзе ўладкавацца не магу. Так, пашпарта няма. Дык дапамажыце! Сацыяльныя службы, сельcавет, дапамажыце! У мяне жыцьцё так склалася. Я хачу працаваць».
«Гэта ж не хаціна, а сабачая будка»
Сваім напорам, эпатажнасьцю Іван вылучае найперш сябе, а Ірына часьцей плача, хоць менавіта на яе плячах і трымаецца сям’я. Яна карміцелька і дзяцей, і мужа. Стала працуе ў школе тэхнічкаю, атрымлівае 230 рублёў — па сутнасьці, на яе сьціплы заробак і жыве сям’я.
«Хочацца, вядома, жыць лепей, але не атрымліваецца. Я ж ня ўсёмагутная. Гэта ж не хаціна, а сабачая будка. І зь яе гоняць, застрашваюць і нас, і гаспадароў, якія нас сюды пусьцілі. Мы тут людзі нейкага трэцяга гатунку. Узяць толькі ды павесіцца. Каб ня дзеці, невядома што зрабіла б з сабою», — шматдзетная маладая маці схіляе галаву і бязгучна плача. Відаць, як уздрыгваюць плечы.
«Дайце працу!»
Да пераезду ў Гарадзец Ірына Янава жыла зь дзецьмі ў Будзе Люшаўскай суседняга з Рагачоўскім Буда-Кашалёўскага раёну. Гэта за нейкія два дзясяткі кілямэтраў ад яе цяперашняга месца жыхарства. Муж Іван са Старой Рудні Жлобінскага раёну, таксама недалёкай ад гэтых мясьцінаў вёскі. З падлеткавага ўзросту спазнаў працоўна-папраўчыя калёніі. Кажа, сем разоў сядзеў за крадзяжы. У калёніі набыў спэцыяльнасьць электрыка. Хацеў бы і тут працаваць электрыкам альбо пастухом, але ж мясцовы сельгаскаапэратыў «Высокі» вакансіяў ня мае.
Выглядае, Іван і сам ня надта рупіцца, каб мець сталую працу. Бывае, дапамагае па гаспадарцы вясковым бабулям, але гэта хутчэй выключэньне, чым правіла.
«Я хачу працаваць, дайце мне працу! У калгасе мне тлумачаць: «Каб узяць цябе, трэба кагосьці звольніць», — каторы раз паўтарае Іван, хоць гэта выглядае ня надта пераканаўчым апраўданьнем за сямігадовае, як ён сам кажа, «сядзеньне на жончыным карку».
«Макарона ёсьць, алей, кавалак хлеба — усё, што мы можам сабе дазволіць»
Такой неахайнасьці й беспарадку бачыць даўно не выпадала, асабліва што датычыцца двара, сянец, кухні. Проста не хапае гаспадарскай рукі — з рыдлёўкай, малатком, нажоўкаю.
Тым часам Іван адчыняе кухонную шафку, падганяючы загадам свайго знаёмага («Сюды сьвяці!»), і пачынае апісваць харчовае зьмесьціва галоўнай сямейнай «кладоўкі»:
«Макарона тут нейкая ёсьць, алей, кавалкі хлеба й батона — усё, што мы можам сабе дазволіць».
Невялікая старая лядоўня, што стаіць побач, даўно не працуе і выконвае функцыю хіба толькі яшчэ адной шафкі. У ім невялікі слоік з гуркамі, плястмасавая пасудзінка зь селядцом ды яшчэ з паўдзесятка пустых шкляных слоікаў.
«Няма ў нас столькі грошай, каб купіць мяса ці кавалак каўбасы. Няма!» — ці то жаліцца, ці то зьдзіўляецца Іван.
«Атрымаю гэтыя 230 рублёў, аддам пазыкі — і зноў сядзім бяз грошай», скрушна заўважае Ірына.
Пашпарт, трыкалёр і чорны цюцька
Невялікі пярэдні пакой старэнькай хаціны падзелены шафай і шторкаю на дзьве паловы — бацькоўскую і дзіцячую спальні. Пакуль сын Вадзім адсутнічае, ягоную канапу пасьпеў заняць невялікі чорны сабачка зь белай лысінай на пысе.
Паміж вокнамі пры сьцяне — стол, за якім дзеці робяць урокі. Над сталом — кніжная палічка, наверсе невялікі расейскі трыкалёр. Іван, энэргічна жэстыкулюючы рукамі, тлумачыць, што так трэба, але дзеля якой такой патрэбы ці хітрасьці, сакрэту не выдае.
Цікавімся ў гаспадара, чаму ж ён так абыякава ставіцца да сям’і, да самога сябе. Нават пашпарт за сем гадоў зрабіць не сабраўся.
«Дык на пашпарт грошы, грошы патрэбныя. А дзе іх узяць?» — зноў, нібы заклінаньне, паўтарае Іван, хоць выраб пашпарта, наколькі вядома, каштуе адну базавую велічыню. А без пашпарта — ні працы, ні рэгістрацыі.
«Мы рады дапамагчы, але...»
У Гарадзецкім сельскім савеце сьцьвярджаюць, што ніхто не зьбіраецца высяляць шматдзетную сям’ю, паколькі жыве яна ў найманай прыватнай хаціне. А вось прэтэнзіі з прычыны няплаты за спажытую электраэнэргію Рагачоўскі энэргазбыт мае. Праўда, не да Івана з Ірынай (яны ў хаціне на «птушыных правах»), а да ўласьніка сядзібы. Той мусіць сплаціць 300 рублёў доўгу за электраэнэргію, іначай суд. Як гаспадар будзе з кватарантамі весьці ўзаемаразьлікі, гэта ўжо іншая справа, якая энэргазбыт не турбуе. У вёсцы ж ведаюць, што 300 рублёў — досыць вялікая сума, большая за месячны заробак звычайнага вяскоўца.
«Мы рады дапамагчы, — тлумачыць старшыня сельсавета Галіна Бадзюкова. — Калі б Ірына Янава была зарэгістравана ў нас, маглі б часткова пагасіць доўг за электраэнэргію, як гэта робім часам для іншых шматдзетных сем’яў. Іх у нас больш за два дзесяткі, і палова — гэта адзінокія маці з грамадзянскімі мужамі. І адрасную дапамогу лягчэй было б аказаць сям’і. Мы й без таго дзецям Янавай да новага навучальнага году па 40 рублёў выдзелілі, знайшлі такую магчымасьць».
Старшыня ды іншыя сельсавецкія работнікі сьцьвярджаюць, што ня раз раілі Ірыне стаць на ўлік як шматдзетнай маці па месцы рэгістрацыі, займець афіцыйны статус і атрымаць сацыяльнае жытло, пакуль яшчэ ніводнае з траіх дзяцей не дасягнула паўналецьця. Будзе васямнаццаць — страціць ільготы.
У Гарадцы, як сьцьвярджаюць мясцовыя кіраўнікі, няма жытла, каб даць Ірыне зь дзецьмі. Прапаноўвалі таксама Івану атрымаць пашпарт і ўладкавацца ў калгас, па-цяперашняму — сельгаскаапэратыў. Яны нібыта пагаджаюцца, але толькі на словах — рэальных крокаў няма.
«Ну, ня буду ж я езьдзіць, даведкі зьбіраць і за іх усё рабіць, — кажа Бадзюкова. — Іван той наагул працаваць не жадае. Ён толькі пальцы веерам круціць. Летась я зь ім ледзь ня цэлы год змагалася: абкасі ты хоць пустазельле вакол хаты, ты ж нічым не заняты!»
Тым часам Ірына з Іванам лічаць, што іх проста падштурхоўваюць пакінуць Гарадзец. Так, сям’я ў іх далёка не ідэальная, праблемная, можна сказаць. Станеш на чаргу ў Будзе Люшаўскай, дакладней у Ліпініцкім сельсавеце, да якога яна адносіцца, значыць, і жыць туды перабірайся. А што іх там чакае? Так, у Будзе — маці Ірыны, але яна інвалід і жыве з айчымам у такой жа старэнькай хаціне, як і дачка ў Гарадцы.
«Тут у нас наўкола столькі дамоў закапалі, наводзячы парадак, а зарэгістраваць нас няма дзе. Дзеці неўзабаве школу скончаць, а мы тут усё «на птушыных правах», — Ірына, у адрозьненьне ад Івана, які не змаўкае, гаварыць шмат ня можа, зноў плача.