Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара ёсьць помнік расстраляным тут ахвярам сталінізму — самаробны мэмарыял. Ад помніка, усталяванага ў 1980-я на распараджэньне мясцовых уладаў, застаўся толькі валун. Шыльду, зробленую ў тыя часы, скралі невядомыя вандалы.
Самаробны мэмарыял на Кабыляцкай гары
Сёньня мэмарыял дапаўняюць два драўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мэмарыяльных шыльдаў, усталяваных з прыватнай ініцыятывы аршанскіх актывістаў і сваякоў загінулых. Прыяжджаць або прыходзіць сюды на Дзяды — гэта ўжо даўняя аршанская традыцыя. Бо ўрочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне, пра якое стала вядома ў 1982 годзе. Калі тут пракладалі чыгунку, то зь зямлі давялося даставаць чалавечыя парэшткі. Іх накіравалі на экспэртызу, і высновы былі адназначныя: тут знайшлі апошні спачын ахвяры сталінізму. У часы перабудовы гэтыя зьвесткі сталі здабыткам шырокай грамадзкасьці.
У адрозьненьне ад Кабыляцкай гары, якая была адкрыта абвешчаная месцам сталінскіх расстрэлаў, так званы Харкаўскі лес фігураваў як «расстрэльнае» месца толькі ва ўспамінах старажылаў. А цяпер, калі большасьць сьведак трагічных падзеяў адышла ў нябыт, — у дасьледаваньнях краязнаўцаў.
Лес ля Харкаўкі. Сталінскія ахвяры тут не ўшанаваныя
Аповед аршанскага гісторыка Юрыя Копціка пра падзеі ў Харкаўскім лесе — лясным масіве паміж Воршай і вёскай Харкаўка — увайшоў у дакумэнтальны фільм «Чацьвёрты аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня — забойствы палітычных апанэнтаў, масавыя расстрэлы».
Пісьменьніца, журналістка Паліна Сьцепаненка, адна са стваральніц дакумэнтальных фільмаў цыклю пра сьмяротнае пакараньне, даўно цікавіцца гісторыяй гэтых мясьцін:
«Якая сувязь паміж сталінскімі расстрэламі і сьмяротным пакараньнем, якое захоўваецца ў Беларусі? Сувязь у тым, што, пакуль яно не адменена, сьмяротная кара можа быць выкарыстаная ня толькі супраць злачынцаў, але й супраць палітычных апанэнтаў. У часы сталінскага тэрору расстрэльвалі „нязгодных“, „падазроных“ і гэтак далей. У Харкаўскім лесе ляжаць ахвяры сталінізму — гэта бязьвінныя ахвяры, людзі, і памяць пра іх трэба захоўваць па-людзку. Трэба зрабіць гэтае месца мэмарыяльным, паставіць помнік. Але злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі. І на афіцыйным узроўні гэтага дамагчыся вельмі цяжка, таму справа ўшанаваньня памяці расстраляных стала справай грамадзкасьці».
Паводле некаторых дасьледчыкаў, у 1991 годзе Аршанскі гарвыканкам прыняў рашэньне наконт устаноўкі мэмарыяльнага знаку на месцы масавых расстрэлаў у Харкаўскім лесе. Аднак дакумэнту пра гэта ў шырокім доступе няма.
Ініцыятыва «Расстраляныя ў Воршы»
Жыхары Воршы вырашылі нагадаць мясцовым уладам пра ранейшае абяцаньне. Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Грышанаў запісаўся на прыём у райвыканкам і рыхтуе доказы таго, што «расстрэльны» лес уздоўж Магілёўскай шашы — месца, якое варта ўшанаваць адмысловым чынам:
«Колішняя Магілёўская шаша — гэта сучасная вуліца Магілёўская. Горад літаральна падступае да ўзьлеску, і адзін бок шашы ўжо забудаваны шматпавярховікамі. На другім баку, дзе й адбываліся расстрэлы, пакуль не будуюць. Гэтае месца трэба ахоўваць ад „чорных капальнікаў“, якія там ужо „пагаспадарылі“ ў мінулыя гады. Правесьці навуковыя дасьледаваньні, высьветліць, хто былі тыя невядомыя ахвяры... Мы, грамадзяне Воршы, прапануем паставіць шыльды і паказальнікі, каб людзі ведалі і памяталі, што тут адбывалася ў 1930-я гады. Навесьці парадак у гэтых мясьцінах, бо прыгарадная частка лесу ператвараецца ў звалку рознага сьмецьця, а гэта ўвогуле недапушчальнае блюзьнерства і зьнявага ў дачыненьні да загінулых. Шыльды і паказальнікі трэба паставіць і ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, каб тое месца таксама не выглядала закінутым і забытым».
Прадстаўнікі грамадзкасьці, аршанскія краязнаўцы і актывісты стварылі адмысловую ініцыятыву, якая запачаткавала праект «Расстраляныя ў Воршы». Ініцыятыва займаецца і добраўпарадкаваньнем ужо вядомых месцаў масавых расстрэлаў, і зьбіраньнем сьведчаньняў відавочцаў, і інфармаваньнем мясцовай супольнасьці. У найбліжэйшых плянах — правядзеньне дыскусіі «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне» паводле матэрыялаў, сабраных аршанскімі дасьледчыкамі-аматарамі.
Як вынікае зь іхных дасьледаваньняў, пад Воршай знайшлі свой апошні спачын і тутэйшыя жыхары, і вязьні перасыльнай турмы, што трапілі ў гэтыя мясьціны воляю лёсу, і «раскулачаныя» сяляне, і «нядобранадзейныя» рабочыя, і прадстаўнікі інтэлігенцыі, і сьвятары.
Паводле ўспамінаў старажылаў, да вайны тутэйшыя жыхары ўпотайкі ўшаноўвалі памяць расстраляных. Прыносілі ў Харкаўскі лес абразы, сьвечкі, маліліся, абгароджвалі магілы валунамі, ставілі самаробныя крыжы. Іх дагэтуль можна ўбачыць на ўзьлеску, літаральна ў якой сотні мэтраў ад гарадзкой мяжы. Праўда, апошні крыж даўно зламаны. І толькі той, хто ведае пра тутэйшыя трагічныя падзеі, можа здагадацца, што зь зямлі тырчыць ня проста іржавы кавалак жалеза.