Віцэ-прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што па выніках нядаўніх перамоваў з Расеяй была дасягнутая дамоўленасьць, што цана расейскага прыроднага газу для Беларусі будзе складаць 129 даляраў за тысячу кубічных мэтраў у 2018 годзе і 127 даляраў у 2019 годзе.
У апублікаваным ўчора інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» ён падкрэсьліў, што гэтая цана зафіксавана і ня будзе залежаць ад кан’юнктуры нафтавага і газавага рынку.
Паводле яго, калі б такіх дамоўленасьцяў не атрымалася дасягнуць, то гэтая цана была б блізкай да 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. «Таму зьніжка істотная», — дадаў ён.
Як сказаў Сямашка, размова ідзе пра цану, прывязаную да Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі — аднаго з газаздабыўных рэгіёнаў Расеі — з прымяненьнем паніжальных каэфіцыентаў.
Сёлета Беларусь плаціць за расейскі газ па 142 даляры ЗША за тысячу кубамэтраў. У 2016-м гэтая цана складала 132 даляры, але Беларусь патрабавала зьнізіць яе да 73 даляраў і пачала перамовы з Расеяй, якія завяршыліся ў чацьвер, 13 красавіка. Пры гэтым Беларусь адмаўлялася плаціць па вызначаных цэнах і назапасіла больш за 726 млн даляраў доўгу за расейскі газ, пагасіць які нарэшце згадзілася таксама толькі ў чацьвер.
«Замест таго, каб заняцца дывэрсыфікацыяй, беларускія ўлады прычапіліся, як п’яўкі, да „Газпрому“», — Раманчук
Манёнак: «Пакуль Беларусь не дамаглася, чаго хацела — роўных цэнаў на газ для расейскіх і беларускіх спажыўцоў»
Акрамя таго, Сямашка распавёў, што 14 красавіка прайшлі перамовы па выніках інспэкцыяў беларускіх прадпрыемстваў Рассельгаснаглядам, па выніках якіх былі зьнятыя абмежаваньні на экспарт у Расею прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў. Паводле Сямашкі, бакі дамовіліся і аб далейшых дзеяньнях, што «дазваляе спадзявацца», што да канца месяцу ўсе пытаньні ў «харчовых войнах» будуць зьнятыя.