Паўночная Карэя раніцай 16 красавіка зрабіла спробу запусьціць ракету. Паводле наяўнай інфармацыі, запуск апынуўся няўдалым, ракета выбухнула на старце. Інфармацыі пра тып ракеты, мэты запуску і прычыны яго няўдачы пакуль няма.
Пхэньян неаднаразова заяўляў, што будзе працягваць запускі ракет, нягледзячы на міжнародны ціск і патрабаваньні спыніць разьвіцьцё ракетных тэхналёгіяў у ваенных мэтах.
Напярэдадні ў Пхэньяне прайшоў вайсковы парад да 105-й гадавіны з дня нараджэньня заснавальніка КНДР Кім Ір Сэна. На парадзе былі паказаныя новыя балістычныя ракеты. Віцэ-маршал Карэйскай Народнай Арміі Чхве Рён Хе на парадзе заявіў, што Паўночная Карэя гатовая адказаць на ядзерны ўдар з боку ЗША аналягічным ударам.
У суботу віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс пачаў 10-дзённае азіяцкае турнэ. Паездка закліканая прадэманстраваць гатоўнасьць ЗША абараніць сваіх саюзьнікаў у рэгіёне — на фоне нарастаньня напружанасьці.