Праз дзьве гадзіны пасьля вызваленьня лідэра "Маладога Фронту" Зьмітра Дашкевіча стала вядома, што на волю з трумы КДБ выйшаў і маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі. Ягоныя сваякі пазванілі Дашкевічу.
У першым інтэрвію Радыё Свабода Сяргей паведаміў, што яго вызвалілі а 19.00 у суботу 15 красавіка.
У мінулую пятніцу яго з турмы на Валадарскага перавялі ў турму КДБ «Амэрыканка». Увесь час арышту Пальчэўскі сядзеў у "Валадарцы".
Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы ў той жа дзень, калі былі затрыманыя Дашкевіч і Леўчанка, 21 сакавіка. Пальчэўскі прыехаў да дому, дзе быў Дашкевіч, на машыне. Нейкія людзі выбілі шкло ў машыне і выцягнулі яго.
Ён абвінавачваецца паводле артыкулу 293 частка 3, арганізацыя масавых беспарадкаў.
Адносна падзеяў 25 сакавіка Пальчэўскі сказаў, што такога не чакаў.
Наконт абыходжаньня зь ім у турме, Сяргей Пальчэўскі сказаў, што нібыта нармальна, яму няма з чым параўноўваць, бо раней ён не сядзеў. Яго ня білі.
Яму ў турму выпісалі незалежныя газэты. Атрымліваць іх яму не перашкаджалі. З газэт ён даведаўся пра затрыманьні людзей па справе «Белага легіёну». Гэтую справу ён лічыць палітычнай і ня верыць, што гэтыя людзі рыхтавалі рэвалюцыю.
Пра далейшыя пляны пакуль ня ведае, кажа, што будзе рабіць тое самае, што рабіў і раней.
Сяргей Пальчэўскі набыў вядомасьць сваім удзелам у абароне Курапатаў падчас спрбы пабудаваць там Бізнэс-цэнтар.