«Менскі абласны суд разгледзеў апэляцыйныя скаргі абвінавачаных па справе аб гібелі ў Барысаве шасьцёх чалавек ад чаднага газу. Прысуд сьлесарам „Барысаўгазу“ пакінулі бязь зьменаў», — паведаміла праз старонку ў Фэйсбуку прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.
У студзені Барысаўскі раённы суд прызнаў сьлесараў-газавікоў Аляксандра Часьцякова і Аляксея Лукаша вінаватымі ў неахайным выкананьні службовых абавязкаў і прысудзіў да 4 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну ў калёніі-пасяленьні. Акрамя таго, з «Барысаўгазу» суд пастанавіў спагнаць 120 тысяч рублёў на карысьць сваякоў загінулых.
Трагедыя ў Барысаве здарылася 27 студзеня 2016 году. У адной з кватэр шматпавярховага жылога дому знайшлі целы мужа і жонкі. Падчас праверкі пад’езду ў кватэры паверхам ніжэй былі знойдзеныя целы яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку двух непаўналетніх. Як потым вызначыла экспэртыза, трагедыя здарылася ад працёку чаднага газу. Гэта стала магчыма з прычыны няспраўнасьці газавай калёнкі і сыстэмы вэнтыляцыі.