На афіцыйным сайце Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны адзначаюць, што гэты грамадзянін доўгі час незаконна знаходзіўся ва Ўкраіне.
Як паведамілі Радыё Свабода крыніцы ў праваахоўных органах Украіны, гаворка ідзе пра грамадзяніна Беларусі, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку па запыце Расеі за забойства на расейскай тэрыторыі, але прозьвішча падазраванага пакуль не называюць — сьледчыя дзеяньні яшчэ працягваюцца.
«У поле зроку праваахоўнікаў ён трапіў, калі пачаў займацца вырабам і разьмяшчэньнем на інфармацыйных рэсурсах прадукцыі сэпаратысцкай накіраванасьці. Акрамя таго, яго падазраюць у магчымай датычнасьці да тэрарыстычных груповак», — адзначылі ў адміністрацыі памежнай службы.
Паводле апэратыўных дадзеных, выяўленыя пад час ператрусу па месцы жыхарства беларуса падроблены пашпарт грамадзяніна Ўкраіны на чужое імя і пасьведчаньне кіроўцы былі набытыя на тэрыторыі часова акупаванага Данбасу.
У Службе бясьпекі Ўкраіны ўдакладнілі, што на дадзены момант затрыманы абвінавачваецца паводле 4 часткі 358 артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — за выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу, арышту на тэрмін да шасьці месяцаў або абмежаваньне волі на два гады.
У выпадку, калі будзе пацьверджаная датычнасьць затрыманага да незаконных узброеных фармаваньняў гэтак званых «ДНР-ЛНР», справа будзе перакваліфікаваная.