Заходнія СМІ: паездка Тылерсана ў Маскву нічога не праясьніла

Рэкс Тылерсан на перамовах зь Сяргеем Лаўровым у Маскве

У ацэнцы заходніх палітычных камэнтатараў і аналітыкаў, візыт дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана ў Маскву 12 красавіка не палепшыў адносін паміж дзьвюма звышдзяржавамі.

Гэтыя адносіны, як згодна пацьвердзілі Тылерсан і ягоны расейскі адпаведнік, Сяргей Лаўроў, апынуліся цяпер «у самай нізкай кропцы».

The New York Times піша, што Тылерсан і Лаўроў не змаглі нават дамовіцца аб асноўных фактах, зьвязаных зь меркаваным выкарыстаньнем хімічнай зброі ў Сірыі рэжымам Башара Асада.

«Застаецца важнае пытаньне: ці холад ва ўзаемных адносінах яшчэ больш ускладніць Дональду Трампу ангажаваць Маскву ў барацьбу з Ісламскай дзяржавай у Сірыі? Супрацоўніцтва на гэтым фронце, заўсёды пад пытаньнем, зараз здаецца немагчымым», — піша The New York Times у рэдакцыйным камэнтары.

Шмат якія аналітыкі сьцьвярджаюць, што ракетныя ўдары па Сырыі ўяўляюць сабой выразны паварот у палітыцы ЗША, які захапіў зьнянацку ня толькі Расею, але і большую частку сьвету.

Гэтая зьмена роляў, па словах Марка Галеоці з Інстытуту міжнародных адносін у Празе, зблытала Маскву, якая лічыла, што ёй вядомы курс амэрыканскай палітыкі.

«Да гэтага моманту расейцы разьлічвалі на тое, што гэта яны могуць іграць ролю непрадказальных, таму што яны адчувалі, маючы на гэта салідныя падставы, што ведаюць рэальныя межы палітыкі ЗША і тое, што амэрыканцы могуць зрабіць у адказ. І раптам яны апынуліся ў ролі таго, хто мусіць рэагаваць. Яны сапраўды ня ведаюць, што рабіць», — сказаў Галеоці.

Разуменьне сытуацыі для расейцаў яшчэ больш заблытаў Дональд Трамп, які сказаў 12 красавіка, што НАТО цяпер рабіць больш для барацьбы з тэрарызмам і «ўжо не зьяўляецца састарэлым».

«У вачах Пуціна мы зьяўляемся звышдзяржавай, якая выйшла з-пад кантролю і якой трэба супрацьставіцца», — напісаў Майкл О’Хэнлан, старшы навуковы супрацоўнік па зьнешняй палітыцы ў Інстытуце Брукінгса, у газэце Los Angeles Times.

Паводле О’Хэнлана, Трамп можа паспрабаваць зьняць напружанасьць ў адносінах шырокім пагадненьнем паміж краінамі NATO, Масквой і нэўтральнымі краінамі Эўропы, у якім NATO падпішацца пад абяцаньнем не пашырацца далей.

Джэфры Манкаф, намесьнік дырэктара і старшы навуковы супрацоўнік праграмы па Расеі і Эўразіі ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, выказаў здагадку, што адсутнасьць прадказальнасьці ў амэрыканскай зьнешняй палітыцы пры адміністрацыі Трампа паніжае і без таго нізкі ўзровень даверу паміж краінамі ды можа прывесьці да глыбейшых праблемаў.

«Прамое сутыкненьне паміж ЗША і Расеяй можа быць вельмі небясьпечнае, улічваючы вайсковыя — у прыватнасьці, ядзерныя — магчымасьці абодвух бакоў», — сказаў Манкаф на радыё World Today. «І хоць я ня думаю, што такога роду сутыкненьне верагоднае, гэта, безумоўна, тое, што павінен мець на ўвазе кожны, хто глядзіць на амэрыканска-расейскія адносіны».

«Усё гэта адбываецца на фоне адкату эўфарыі ў Расеі ад выбарчай перамогі Дональда Трампа. Гэтая эўфарыя несла з сабою спадзяваньні перазагрузкі адносінаў, магчыма, вялікай зьдзелкі, якая прывяла б да адмены санкцый, уведзеных за ўмяшаньне Масквы ва Ўкраіне. Вышэйшыя афіцыйныя асобы з адміністрацыі Трампа ў рэшце рэшт прымусілі гэтую бурбалку лопнуць», — напісала вашынгтонская карэспандэнтка Бі-Бі-Сі Барбара Плэт Ашэр.