Кампанія Арбузава Fenox Global service затрыманьне гендырэктара не камэнтуе

У кампаніі Fenox Global service адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра затрыманьне старшыні Рады дырэктараў холдынгу Fenox Global Group Віталя Арбузава.

Пра тое, што саўладальнік холдынгу Fenox Global Group, адзін з самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў, Віталь Арбузаў нібыта затрыманы праз падазрэньне ў нявыплаце падаткаў, паведаміў партал TUT.BY са спасылкай на тры не зьвязаныя адна з адной крыніцы.

У кампаніі Fenox Global service адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра затрыманьне старшыні Рады дырэктараў.

Супрацоўнік, які падняў слухаўку кантактнага тэлефона, выслухаў просьбу карэспандэнта Свабоды аб камэнтары, з кімсьці параіўся і сказаў «Да пабачэньня».

Ня стаў адказваць на пытаньні пра гендырэктара і дырэктар па маркетынгу і рэкламе кампаніі Андрэй Дзяшчэня:

«Не магу ні пацьвердзіць затрыманьне, ні абвергнуць. Ніякіх камэнтароў».

На старонцы Віталя Арбузава ў «Аднаклясьніках» пазначана, што ён заходзіў туды апошні раз 11 красавіка.

«Арбузава затрымалі ў сераду. Пра тое, што да яго былі пытаньні ў праваахоўных органаў, было вядома яшчэ летась, ён нейкі час не зьяўляўся ў краіне, але потым, здаецца, усё вырашылася. Аказалася, ня ўсё», — цытуе ТUT.BY адну са сваіх крыніцаў.

«Справу ў дачыненьні Арбузава вядзе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Артыкул 243 — «Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў», — паведаміла ТUT.BY іншая крыніца.

Арбузаў, нумар 11 у топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсмэнаў паводле вэрсіі «Ежедневника», зьяўляецца старшынёй рады дырэктараў Fenox Global Group, старшынёй рады дырэктараў Fenox Venture Capital. У холдынг Fenox уваходзяць, у прыватнасьці, Fenox Automative Сomponents (вытворчасьць і распаўсюджаньне аўтакампанэнтаў), Fenox Retail (сетка харчовых крамаў Preston), Fenox Construction (інвэстыцыі ў нерухомасьць).