Актывіст Зьміцер Паліенка даслаў з турмы першы ліст сваякам

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

«Пасьля суду адразу адвезьлі на „Валадарку“. Пакуль тут. Дашліце грошай. Усё неабходнае мне перададуць сябры», — зачытаў вытрымку зь ліста Зьмітра Паліенкі ягоны сваяк Андрэй. Паводле Андрэя, у лісьце няма інфармацыі пра тое, куды Зьмітра Паліенку накіруюць адбываць пакараньне. Зь іншых крыніц сваякам актывіста пра гэта таксама нічога не вядома.

7 красавіка суд Заводзкага раёну Менску адмяніў адтэрміноўку пакараньня грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку. Проста з будынку суду Зьмітра Паліенку адвезьлі адбываць 2-гадовае пакараньне.

12 кастрычніка 2016 году ўдзельнік акцыі раварыстаў «Крытычная маса» Зьміцер Паліенка быў асуджаны на два гады з адтэрміноўкай. Яго прызналі вінаватым у нападзе на міліцыянта і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў праз інтэрнэт.

Пасьля прысуду Зьміцер Паліенка ня раз браў удзел у вулічных акцыях і атрымліваў розныя тэрміны арышту. 7 красавіка суд адмяніў адтэрміноўку па ранейшым прысудзе. Паводле рашэньня суду Зьмітру Паліенку давядзецца адбываць пакараньне паўтара года, бо яму залічылі 5 месяцаў і 13 дзён, адбытых у СІЗА падчас сьледзтва.