Агенцтва Associated Press апублікавала расьсьледаваньне аб масавых сэксуальных злачынствах міратворцаў ААН па ўсім сьвеце. У ім гаворыцца пра амаль 2000 выпадкаў сэксуальных дамаганьняў, ад якіх, як сьцьвярджаецца, пацярпелі каля 300 дзяцей. Прадстаўнікі ААН пакуль не пракамэнтавалі гэтую інфармацыю.
У якасьці прыкладу агенцтва прыводзіць Гаіці, дзе з 2004 па 2007 год больш за 130 міратворцаў з Шры-Ланкі сыстэматычна дамагаліся і эксплюатавалі дзевяць дзяцей. 114 вайскоўцаў былі адпраўленыя дадому, ніхто зь іх не атрымаў крымінальнага пакараньня. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў дакладзе ААН для ўнутранага карыстаньня, паведамляе Associated Press. Агенцтва таксама прыводзіць інтэрвію ахвяраў сэксуальных злачынстваў.
Юрысдыкцыя ААН не распаўсюджваецца на міратворцаў. Абвінаваціць і пакараць супрацоўнікаў сусьветнай арганізацыі могуць толькі ўлады краін, грамадзяне якіх знаходзяцца ў місіях ААН і падазраюцца ў такіх злачынствах. У сакавіку Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў змагацца з сэксуальным гвалтам з боку міратворцаў. Аўтары расьсьледаваньня адзначаюць, што для вырашэньня праблемы трэба спэцыяльнае пагадненьне ў рамках ААН.