«Мы сваіх ня кідаем», — сказаў Андрэй Бандарэнка карэспандэнту «Свабоды».
Ён паведаміў, што суд Барысаўскага раёну 21 красавіка працягне разглядаць справу пра перавод Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калёніі ў турму. Перапынак у судзе быў аб’яўлены ў сувязі з тым, што Міхаіл абскардзіў вынесеныя спагнаньні. Калі суд пагодзіцца з заявай адміністрацыі папраўчай калёніі, то Жамчужнага могуць перавесьці на турэмны рэжым на тэрмін да трох гадоў.
«Падставы для пераводу ў іх ва ўсіх стандартныя — злоснае парушэньне рэжыму ўтрыманьня, — сказаў Бандарэнка. — Яго цяпер паспрабавалі зноў прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці — шукалі хлеб пры выхадзе са сталовай. Але ён сам пры ўсім строі вывернуў кішэні і запатрабаваў правесьці поўны агляд, што выклікала сьмех асуджаных».
Аднак Міхаіл Жамчужны паведаміў, што ціск, нягледзячы на правакацыі, паменшыўся і ён спадзяецца на вызваленьне.
Паводле Бандарэнкі, усяго ў Жамчужнага 6 спагнаньняў, а таксама пыл на тумбачцы і паход у лазьню зь іншым атрадам, хоць гэта было ўзгоднена, і яшчэ адзін «няўзгоднены» паход у мэдчастку.
«Мяне зрабілі „злосьнікам“ за тое, што я быў у царкве на прычасьці. Да гэтага напісаў заявы, папярэдзіў, але як толькі ўвайшоў у царкву, туды сьледам уварваліся супрацоўнікі і склалі акт пра тое, што я ня выйшаў у сталовую. А пыл — гэта іх упадабаная тэма. Калі няма наогул нагоды, то прыходзяць і шукаюць пыл, ён жа вечны», — сказаў Андрэй Бандарэнка.
Заснавальнік «Платформы інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Жамчужнага пасадзілі за наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія зьмяшчаюць службовую таямніцу; незаконнае набыцьцё сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; а таксама даваньне хабару. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і патрабуюць спыніць яго перасьлед.