Слонімскіх апазыцыянэраў улады запрашаюць за круглы стол

Сябра Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сілаў Алесь Масюк

У запрашэньні гаворыцца, што падчас «круглага стала» будуць разгледжаныя пытаньні аб сытуацыі на рынку працы ў Слонімскім раёне, а таксама аб дадатковых захадах у працаўладкаваньні насельніцтва.

У запрашэньні таксама сказана, што ў абмеркаваньні праблемных пытаньняў па зададзенай тэме возьмуць удзел кіраўнікі аргнізацыяў, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзкіх арганізацыяў і іншых зацікаўленых бакоў.

Сябра Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сілаў Алесь Масюк распавёў Свабодзе, што яшчэ да запрашэньня з райвыканкаму сябры кааліцыі даслалі старшыні райвыканкаму прапановай арганізаваць «круглы стол».

— Мы прапаноўвалі адразу больш шырокі спэктар пытаньняў для абмеркаваньня на «круглым стале». Але думаем, што ня будзе праблемы ў тым, каб зрабіць пасяджэньне тэматычным і абмеркаваць эканамічныя і сацыяльныя праблемы раёну. Наагул, мы хочам прапанаваць стварыць пры райвыканкаме пастаянную раду з прадстаўнікоў улады, дэмакратычнай кааліцыі, малога і сярэдняга бізнэсу, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзкіх арганізацыяў ды іншых зацікаўленых бакоў з тым, каб пастаянна абмяркоўваць самыя актуальныя праблемы раёну і супольна шукаць выйсьця са складаных сытуацыяў. Думаю, што гэты першы «круглы стол» пакажа, як мы зможам усе разам супрацоўнічаць.

Пасяджэньне «круглага стала» ў Слоніме заплянаванае на 19 красавіка.