5 красавіка справа актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава паступіла ў суд Маскоўскага раёну Менску. Аднак дата суду яшчэ не прызначаная.
«У іх ёсьць 14 дзён, каб азнаёміцца, і яшчэ 14 дзён, каб вызначыць дату суду», — сказала карэспандэнту Свабоды сяброўка Вячаслава Касінерава Марына Насенка.
Вядома, што разглядаць справу Вячаслава Касінерава будзе судзьдзя Аляксандар Петраш.
Сёньня Вячаслава наведаў адвакат.
«Вячаслаў сказаў, што лісты даходзяць дрэнна. Кажа, што піша нам кожны дзень, але вось ня маем яго лістоў з 6 красавіка. У камэры 5 чалавек на 4 месцы. Але ён сьпіць на ложку, бо яму саступілі месца. Паважаюць яго ідэі і ўчынак. Кажа, што бытавыя ўмовы нармальныя, тэлевізар ёсьць», — сказала Марына Насенка.
Вячаславу Касінераву прадʼяўлена абвінавачаньне ў хуліганстве за праведзены ім 12 сакавіка пэрформанс. Актывіст накінуў пятлю на статую паліцыянта часоў Расейскай імпэрыі, пастаўленую каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Такім чынам Касінераў выказаў пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і перасьледу ягоных сяброў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
6 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску адхіліў скаргу Вячаслава Касінерава на прызначаную яму меру стрыманьня. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
9 беларускіх праваабарончых арганізацый у сумеснай заяве назвалі Вячаслава Касінерава палітычным зьняволеным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць крымінальны перасьлед і неадкладна вызваліць актывіста.