Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў жыхара гораду Леаніда Прэдку на 12 базавых велічынь (276 рублёў) за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мітынгу 26 сакавіка ў Ваўкавыску. Натальля Буданава аштрафаваная на 13 базавых (299 рублёў), пэнсіянэрка Галіна Здановіч — на 2 базавыя (46 рублёў). Суды яшчэ павінны адбыцца над Сяргеем і Аляксандрам Курʼяновічамі.
Карэспандэнт Свабоды прысутнічаў на судзе над Леанідам Прэдкам. У міліцэйскім пратаколе гаварылася, што перад 26 сакавіка на адным з сайтаў зьявілася інфармацыя пра маючы адбыцца ў горадзе несанкцыянаваны мітынг.
Далей у пратаколе было напісана — і сьведкі-міліцыянты пацьвердзілі гэта сваімі паказаньнямі, — што 26-га на плошчы Леніна ў Ваўкавыску была заўважана група людзей каля 10 чалавек. Міліцыянт Сяргей Сьцепанцэвіч сьведчыў, што сабраныя абмяркоўвалі дэкрэт № 3 і агрэсіўна выказваліся наконт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Другі сьведка, Мікалай Сухоцкі, паказаў, што сабраныя выказвалі сваё незадавальненьне існуючай уладай, і калі ім зачыталі адпаведныя артыкулы заканадаўства, то разышліся некалькі чалавек, а 5 засталіся.
Паводле ж паказаньняў Леаніда Прэдкі, ён гуляў па горадзе з сабакам, сустрэў на плошчы знаёмую, зь якой завязалася звычайная бытавая размова. Гаварылі пра складанае жыцьцё. Да іх далучыліся дзьве жанчыны пэнсійнага веку, якія таксама пачалі расказваць пра свае беды.
Няўжо мы ў сваім горадзе ня можам проста стаць і пагаварыць пра тое, пра што захочам?
— Але мы не крычалі, не рабілі выступаў, не прыцягвалі ўвагі іншых да сябе, не трымалі ў руках плякатаў і лёзунгаў. Няўжо мы ў сваім горадзе ня можам проста стаць і пагаварыць пра тое, пра што захочам? — зьвяртаўся Прэдка да суду. — Гэта ніякім чынам ня можа кваліфікавацца як мітынг. Нас судзяць за тое, чаго не было.
Далей ён паказаў, што да іх падышоў міліцыянт і пачаў нешта зачытваць, але яны ў яго запыталіся — ці парушаюць яны заканадаўства тым, што стаяць на плошчы?
Потым Прэдку патэлефанавала рэдактарка раённай газэты, дзе ён працуе кіроўцам.
— Яна пачала загадным голасам патрабаваць, каб я тэрмінова пакінуў плошчу. Я ёй адказаў, што яна наагул ня мае права мне загадваць, што мне рабіць у выходны дзень. Тады яна папярэдзіла, што мне не працягнуць кантракт. І на наступны дзень мне было абвешчана, што працоўны кантракт, які ў мяне сканчаўся 10 красавіка, болей не працягваецца. Мне 58 гадоў, і мяне пакінулі бяз працы, а я адпрацаваў у рэдакцыі 32 гады. Я папросту не ўяўляю — за што?
Прэдка дадаў, што праз 15 хвілін да іх ізноў падышлі міліцыянты, яго адвялі ўбок, а яшчэ дваіх маладых хлопцаў, якія стаялі трохі воддаль, пацягнулі ў машыну.
Судзьдзя Леанард Дзіўнень удакладніў у аднаго са сьведак — ці сапраўды гэта быў мітынг? Той адказаў, што гэта быў мітынг. Чаму ён так лічыць, судзьдзя ўжо не ўдакладняў.
Прэдка хадайнічаў перад судом, каб было паказана відэа, якое здымалі супрацоўнікі міліцыі. Але судзьдзя адхіліў хадайніцтва, палічыўшы гэта немэтазгодным. Толькі паказаў Прэдку здымкі, якія былі ў матэрыялах справы. На адным зь іх проста стаялі 8 чалавек пасярод плошчы і размаўлялі паміж сабой. Гэта і кваліфікавалі як несанкцыянаваны мітынг.
Пасьля абвешчанага прысуду Прэдка сказаў Свабодзе, што па сутнасьці няма чаго і камэнтаваць, бо гэта цяжка назваць судом.
— Гэта ўсё шыта белымі ніткамі, і ніякай праўды тут не дабʼесься.
Натальля Буданава сказала Свабодзе, што не прызнае сябе вінаватай і будзе дамагацца праўды.
Пэнсіянэрка Галіна Здановіч, якая таксама не прызнала сябе вінаватай, ужо заплаціла палову штрафу. Сказала, што наступную заплаціць з чарговай пэнсіі, але на ўсе гэтыя падзеі адклікнецца новым вершам.
Суды над братамі Сяргеем і Аляксандрам Курʼяновічамі яшчэ адбудуцца.