Супрацоўнікі архіву ў паўднёвачэскім горадзе Індржыхуў Градэц на запыт беларускіх гісторыкаў знайшлі ў сваім сховішчы два рукапісныя дакумэнты, датаваныя 1584 і 1590 гадамі. Абодва дакумэнты ўласнаручна падпісаныя сынам Францішка Скарыны Сымонам Русам з Полацку.
Два тыдні таму супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Алесь Жлутка і беларускі гісторык з Карлавага Ўнівэрсытэту ў Празе Павал Котаў зрабілі запыт у архіў гораду Індржыхуў Градэц з просьбай адшукаць дакумэнты, датычныя сына Францішка Скарыны Сымона.
Пра гэтыя дакумэнты раней было вядома, што яны існуюць, пра іх згадвалася ў адной з публікацый 1929 году, але самі яны і іх тэкст у навуковы абарот ня ўводзіліся.
10 красавіка Павал Котаў атрымаў з архіву копіі абодвух дакумэнтаў.
Гэта два арыгінальныя рукапісы, падпісаныя рукой Сымона Руса з Полацку. Мова ў дакумэнтах ідзе пра дрэннае здароўе Сымона і адпраўку яго панам Адамам з Градца на курорт Добра Вода.
Архіў гораду Індржыхуў Градэц, які зьяўляецца філіялам Галоўнага абласнога архіву ў горадзе Тршэбань, даў дазвол на публікацыю абодвух дакумэнтаў. Яны будуць уключаныя ў зборнік дакумэнтаў пра жыцьцё і дзейнасьць Францішка Скарыны, абноўленае выданьне якога цяпер рыхтуецца ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.
Інтэрвію з Паўлам Котавым чытайце на нашым сайце заўтра.