Паводле зьвестак Naviny.by, Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта праводзіць 3-12 красавіка сацыялягічнае апытаньне «Моладзь Беларусі: праблемы і настроі» на замову адміністрацыі Лукашэнкі.
Журналісту выданьня, як сьцьвярджаецца, удалося азнаёміцца з анкетай, што зьмяшчае наступныя пытаньні, у тым ліку 12 варыянтаў «аўтарытэтаў для моладзі».
1. Ці ведаеце вы, што праходзілі «маршы недармаедаў» у сталіцы і іншых абласных цэнтрах? Як вы лічыце, што ёсьць іх прычынамі: абурэньне дэкрэтам № 3, пагаршэньне эканамічнага становішча, дзейнасьць апазыцыі і іншае? Адкуль вы пра іх даведаліся?
2. Як вы ацэньваеце стан эканомікі ў краіне? Ацэнка сацыяльна-палітычнага курсу ўладаў краіны: слушны, недакладны, пераходны пэрыяд? Якія прычыны: сусьветны крызіс, вінаватая апазыцыя, мясцовыя ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, урад, прэзыдэнт?
3. Калі вам нешта не падабаецца, як вы будзеце выказваць сваю незадаволенасьць праблемай: камэнтары пад навінамі ў інтэрнэце, напісаньне лістоў уладам, далучэньне да адпаведнай арганізацыі, стачкі і страйкі на працы, падпісаньне калектыўнага звароту да ўладаў, удзел у флэшмобах і сходах, удзел у пратэставых акцыях? Наколькі мае сэнс удзел у флэшмобах? Што можа падштурхнуць вас да выхаду на вуліцу: вынікі выбараў, пагаршэньне эканамічнага становішча, немагчымасьць знайсьці працу і нізкія заробкі, рост цэнаў, дэфіцыт тавараў першай неабходнасьці, узнагароджаньне ад арганізатараў?
4. Як вы ахарактарызуеце сацыяльную сытуацыю ў грамадзтве: нармальная, напружаная, крытычная? Як вы ацэніце згуртаванасьць сучаснай моладзі: больш зьяднаная, чым разьяднаная, нешта сярэдняе і гэтак далей?
5. Ці гатовыя вы зьехаць з краіны і чаму? Што больш прываблівае: іншая культура ці каштоўнасьць правоў і свабодаў чалавека?
6. Які ваш давер да прэзыдэнта, парлямэнту, ураду, мясцовых уладаў, апазыцыі, РГА «Белая Русь», дзяржаўных прафсаюзаў, недзяржаўных прафсаюзаў, БРСМ, Царквы, міжнародных праваабарончых арганізацыяў? За каго б вы галасавалі, калі б цяпер праходзілі выбары прэзыдэнта: за Аляксандра Лукашэнку, за іншага кандыдата ад улады, кандыдата ад апазыцыі?
7. Адкуль вы бераце інфармацыю пра падзеі ў краіне і сьвеце: навінавыя інтэрнэт-сайты, сацыяльныя сеткі, дзяржаўныя СМІ, сябры і знаёмыя, іншае?
8. Ці ганарыцеся вы беларускай дзяржавай? Як вы ставіцеся да слова «нацыяналізм»? Ці патрыёт вы? Адкуль адлічваецца дзяржаўнасьць Беларусі: Тураўскае і Полацкае княства, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Беларусь у складзе Расейскай імпэрыі, БНР, БССР, з распаду СССР? Што вы гатовыя зрабіць дзеля росквіту Беларусі (у тым ліку ёсьць варыянт «гатовы адстойваць незалежнасьць Беларусі са зброяй у руках»)? Хто зрабіў найбольшы ўнёсак у станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці: Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, князь Вітаўт, Францішак Скарына, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касьцюшка, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала, Пётра Машэраў, Аляксандар Лукашэнка?
9. Хто ў моладзі аўтарытэт? Варыянты прапануюцца наступныя: Сьвятлана Алексіевіч (адзіная пісьменьніца ў сьпісе), Вікторыя Азаранка, Дарʼя Домрачава, Максім Мірны (тры спартоўцы), мітрапаліты Павел і Тадэвуш Кандрусевіч, Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок (два сьпевакі), Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Някляеў, Зянон Пазьняк, Мікалай Статкевіч (чатыры палітыкі).