Пасьля акцыі ў абарону Курапатаў і прыпыненьня будоўлі пад мэмарыяльным комплексам «Курапаты» ў сакавіку будаўнікі вывезьлі тэхніку і бэтонныя пліты, але агароджа будаўнічай пляцоўкі заставалася стаяць яшчэ амаль месяц. Раніцай 11 красавіка пачалі здымаць і яе.
Разьбіраньне плоту пачалося на наступны дзень пасьля таго, як аднавілася «курапацкая насьценгазэта»: на агароджы зьявіліся партрэты абаронцаў Курапатаў, зьняволеных у «справе Белага легіёну», а таксама фота міліцыянтаў, якія складалі рапарты на абаронцаў Курапатаў і выступалі сьведкамі ў судах супраць іх, і фота міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў форме НКВД.
Тым часам Менгарвыканкам ня ўбачыў падстаў для спыненьня будоўлі ў Курапатах і «забыў» адказаць пра яе законнасьць. Міністэрства культуры адхрысьцілася ад адказнасьці за будоўлю ля Курапатаў, пляцоўка пад якую спачатку была прададзеная на аўкцыёне, а толькі пасьля выведзеная з ахоўнай зоны мэмарыялу, на якой забароненае будаўніцтва.
Сёньня ў Міністэрстве культуры прымаюць старшыню Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча з нагоды неадназначнага дзяржаўнага конкурсу на мэмарыялізацыю Курапатаў: экспэрты наракаюць, што тэрміны надта кароткія, склад журы невядомы, а ўмовы не даюць магчымасьці ўзяць удзел у конкурсе ўсім ахвочым.
На мінулым тыдні ў Міністэрства культуры наконт курапацкага пытаньня хадзілі прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» — зь іхнымі словамі пра занадта кароткія тэрміны і спрэчны парадак правядзеньня конкурсу міністар культуры Барыс Сьвятлоў вусна пагадзіўся, а таксама не пярэчыў заяве аб тым, што для годнай мэмарыялізацыі трэба дамагацца адкрыцьця архіваў зь імёнамі ахвяраў. Але ці зьявяцца за сустрэчай афіцыйныя рашэньні, невядома.
Тым часам у Менску судзяць шэраг удзельнікаў акцыі ў абарону Курапатаў. Аднаму з удзельнікаў, сустаршыню БХД Віталю Рымашэўскаму, акцыя абышлася ў штраф 40 даляраў за хвіліну. Таксама шэраг абаронцаў Курапатаў зьяўляюцца фігурантамі «справы „Белага легіёну“», некаторыя зь іх застаюцца за кратамі.