Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці абвясьціў пра выхад зь Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Сябрам прафсаюзу РЭП цяпер абяцаюць рэкамэндаваць далучацца да БНК як фізычным асобам — РЭП заставаўся адзінай арганізацыяй, што брала ўдзел у БНК як юрыдычная асоба, а не як шэраг фізычных.
«Мы бачым разьвіцьцё і рост папулярнасьці Беларускага нацыянальнага кангрэсу, — кажа прэс-сакратар РЭП Мікалай Герасіменка. — У 2016 годзе, далучыўшыся да БНК, мы ставілі мэту ўмацаваць гэтую структуру. Лічым, што зь ёй мы справіліся і далей заставацца ў БНК у якасьці арганізацыі ня лічым неабходным».
У заяве таксама гаворыцца, што РЭП далучаўся да БНК, каб выказаць удзячнасьць мужнасьці лідэра БНК Міколы Статкевіча, які «каля 5 гадоў паводле сфабрыкаванай уладамі справе праседзеў у турме і не пайшоў на зьдзелку з сумленьнем».
Мікола Статкевіч у інтэрвію Свабодзе заявіў, што рашэньне было ўзгодненае з БНК на Радзе кангрэсу:
«Магу сказаць, што я разумею іх сытуацыю, улічваючы, што пачалі выносіць папярэджаньні зарэгістраваным арганізацыям за ўдзел у масавых акцыях. Спадар Фядыніч (старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. — РС) застаецца старшынём сацыяльна-эканамічнай камісіі БНК».