Затрыманьне адбылося два дні таму, пасьля таго, як у ноч на нядзелю паліцыя Осла выявіла ў цэнтры гораду і абясшкодзіла выбуховае прыстасаваньне «прымітыўнай зборкі», як паведамілі экспэрты.
Паводле ўладаў, кантэйнэр з газам для запальніцаў і прымацаваныя да яго цьвікі, маглі прывесьці толькі да абмежаваных пашкоджаньняў. Адвакатка затрыманага назвала ягоныя дзеяньні «хлапечым шалапуцтвам».
Тым ня менш нарвэскія ўлады падвысілі ў нядзелю ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне. Як паведаміла тады на прэс-канфэрэнцыі кіраўніца спэцслужбаў Нарвэгіі PST Бэнэдыкта Бьёрнлянд, рызыка нападу ў найбліжэйшыя месяцы падвышаная з «дапушчальнай» да «верагоднай».
7 красавіка ў выніку наезду грузавіка ў сталіцы Швэцыі, Стакгольме, загінулі чатыры чалавекі, а 15 атрымалі раненьні. Галоўным падазраваным лічыцца 39-гадовы выхадзец з Узбэкістану.