Якія формы яны могуць набыць? Ці патрэбная «праца над памылкамі» пратэстнай кампаніі лютага-сакавіка? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч
Дракахруст: На другі дзень пасьля Дня волі ў Менску на Кастрычніцкую плошчу выйшла некалькі дзясяткаў чалавек.
Аднак у мінулую нядзелю ў Бабруйску прайшла чарговая акцыя пратэсту, прычым, гэтым разам дазволеная, праўда, ня надта шматлюдная — каля ста чалавек. У Бабруйску зь людзьмі на плошчы паразмаўляў намесьнік старшыні гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў. У пэўным сэнсе працяг тэндэнцыі — начальнікі выходзілі да людзей на апошніх акцыях у Горадні і ў Слоніме. Варта нагадаць, што 12 сакавіка ў Бабруйску прайшоў даволі шматлюдны мітынг, у якім брала ўдзел некалькі соцень чалавек. А 26 сакавіка, на другі дзень пасьля Дня волі, горад зазнаў адзін з самых вялікіх у Беларусі хапуноў, улады, каб прадухіліць акцыю пратэсту, прэвэнтыўна затрымалі каля 30 чалавек.
Відавочная прычына, чаму пратэсты не пашыраюць геаграфію, не прыцягваюць новых і новых людзей — масавыя рэпрэсіі, пад якія па ўсёй краіне патрапілі да тысячы чалавек. Прычым, улады працягваюць рэпрэсіі задняй датай, за акцыі, якія адбываліся ў разгар пратэстнай кампаніі, у тым ліку і за абарону Курапатаў. дзяржава фактычна скасоўвае той парадак, які быў ад жніўня 2015 году да пачатку сакавіка 2017 году — арганізацыя недазволеных акцыяў цяпер ізноў жорстка караецца.
Акрамя таго, напэўна, экспэрты недаацанілі важнасьць таго, што збор з дармаедаў на загад Лукашэнкі ўсё ж перасталі спаганяць. Так, не адно гэта выводзіла людзей на пратэст, але менавіта гэта было фокусам пратэстаў, пасьля рашэньня Лукашэнкі адбылася расфакусіроўка, людзі засталіся шмат чым незадаволеныя, але ўсім разам пакрысе, што паўплывала на пратэстную актыўнасьць.
Аднак нядзельны пратэст у Бабруйску — прыклад хутчэй таго, што пратэстныя настроі ня зьніклі цалкам. Недазволеныя пратэсты ўлады жорстка падаўляюць, але ня ўсе заяўкі на акцыі, як бачым, адкідаюцца.
Дарэчы, можна прыгадаць, што і 25 сакавіка дазволеныя сьвяткаваньні Дня волі адбыліся ў Горадні і Берасьці. Некаторыя тады зь іроніяй адзначалі прысутнасьць на дазволеных акцыях у гэтых гарадах лідэраў «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева і Тацяны Караткевіч.
Але цяпер, пасьля хапуну і пасьля бабруйскага мітынгу, паўтаруся, дазволенага, прынамсі складана сказаць, хто меў рацыю — прыхільнікі ўдзелу ў дазволеных акцыях або гатовыя ісьці на недазволеныя, якія ўлады проста спыняюць сілай.
Пасьля сьнежня 2010 году вялося даволі актыўнае абмеркаваньне, хто прайграў Плошчу-2010. Такое ўражаньне, што цяпер падобныя спрэчкі пачынаюцца зноў, ужо адносна сёлетніх пратэстаў. І папрокі прыкладна такія самыя — не было пляну, не было згоды паміж арганізатарамі, радыкалізм ня мае посьпеху. Напэўна, гэтая крытыка не пазбаўленая рацыі.
Але варта прыгадаць, што першая акцыя ў сёлетнім шэрагу, 17 лютага, была ініцыяваная Міколам Статкевічам. І як на мой погляд, ён плянаваў гэтую акцыю ня лепш і ня горш, чым шматлікія папярэднія зь верасьня 2015 году. Падаецца, што справа ўсё ж не ў арганізацыі, кепскай або добрай. У лістападзе 2013 году «Бэркут» Януковіча ў Кіеве моцна зьбіў маладых пратэстоўцаў на Майдане. На другі дзень на Майдан выйшла паўмільёна чалавек. Ці было гэта вынікам нейкай выдатнай арганізацыі? Наколькі я ведаю, не.
А ў Менску 26 сакавіка атрымалася прыкладна так, як у Менску 20 сьнежня 2010 году. Ці то з прычыны жорсткасьці рэпрэсіяў, хаця рэжым Януковіча таксама ня быў вэгетарыянскі, ці то з таго, што такі вось настрой народу, на адно ён гатовы, на нешта іншае — не гатовы. На дазволены сацыяльны пратэст, як паказаў Бабруйск 9 красавіка — гатовы нават пасьля ўсебеларускага і свайго бабруйскага хапуну.
Карбалевіч: Варта зьвярнуць увагу, што пасьля заявы Лукашэнкі аб прыпыненьні дэкрэту аб дармаедах акцыі працягваліся па ўсёй краіне. А прыпыніліся яны толькі пасьля жорсткіх рэпрэсіяў. Таму галоўны чыньнік таго, што акцыі пайшлі на спад — страх. Ён ня надта ўплывае на апазыцыйных актывістаў, але уплывае на абывацеляў. І мітынг у Бабруйску — гэта як раз той выпадак, дзе выключэньне пацьвярджае правіла.
Тое, што ўлады час ад часу дазваляюць правядзеньне такіх акцыяў з удзелам кіраўніцтва мясцовай «вэртыкалі» — гэта спроба выпусканьня пары. Дарэчы, дазволеныя акцыі на Дзень Волі ў Берасьці і Горадні — гэта была спроба адцягнуць мясцовых актывістаў ад паездкі ў Менск, дзе улады баяліся вялікай канцэнтрацыі пратэстоўцаў з усёй Беларусі.
Увогуле дазволеныя мітынгі або сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады — гэта тая мадэль дачыненьняў, дыялёгу паміж насельніцтвам і уладай, як гэта разумее палітычнае кіраўніцтва. На гэта ўвесь час накіроўвае адміністрацыя прэзыдэнта — маўляў, вы прыходзьце і прасіце, а мы гатовыя вас уважліва выслухоўваць, пры магчымасьці і дапамагчы. Нават прадстаўнікі адміністрацыі езьдзяць па краіне, пашыраныя дні прыёму, адкрытыя тэлефонныя лініі з вэртыкальшчыкамі. То бок прасіць можаце, а патрабаваць — не.
Дарэчы, у Менску акцыі будуць працягвацца. Гэта Чарнобыльскі шлях, акцыя на 1 траўня. Але, думаю, галоўнымі ўдзельнікамі гэтых акцыяў будуць актывісты апазыцыі, а не абывацелі. Як тое было і раней.
Цыганкоў: Я б таксама спыніўся на пытаньні, ці скончыліся пратэсты. Выглядае на тое, што пратэсты збольшага скончаныя. Цяпер яны вяртаюцца ў традыцыйную стадыю рытуальных пратэстаў апазыцыі. Невядома, што адбудзецца 26 красавіка на чарнобыльскім шляху, 1 альбо нават 9 траўня на акцыях Міколы Статкевіча, але відавочна, што антыдармаедзкія акцыі ў рэгіёнах пакуль што сышлі на нішто, і 100 чалавек на акцыі ў Бабруйску — гэта невялікая лічба для невялікага гораду.
Чаму так адбылося? Мы ўжо неаднаразова пра гэта казалі, тут спрацавалі некалькі чыньнікаў. Перш за ўсё, актыўная дзейнасьць улады як бізуном, так і пернікам. Бізун — вядома што, а пернік — гэта тое, што ўлада, наколькі яна можа, як яна гэта ўмее, выйшла ў народ, пачала тлумачыць, што дэкрэт быў прыпынены, што частка людзей атрымала паведамленьні пра тое, што яны могуць не плаціць гэты падатак.
Многія сапраўды задаволіліся тым, што дэкрэт быў прыпынены, ну а многім хапіла аднаго разу выйсьці. Палітычныя актывісты гатовыя да працяглай палітычнай барацьбы, а людзі, якія выйшлі ў лютым-сакавіку, калі пачалася гэтая хваля дармаедаў, для іх вялікім грамадзянскім крокам стала проста выйсьці адзін раз, выказаць свой пратэст, пераламаць сябе. На думку многіх, павінен быў быць эфэкт сьнежнага кому, але на самой справе эфэкт іншы.
Чалавек выйшаў, сказаў, што ён думае, выказаў эмоцыі, і на гэтым яго палітычная актыўнасьць скончылася. Ён ня хоча выходзіць другі раз, а тым больш тыднямі, і змагацца за зьмену ўлады. У яго сваё жыцьцё, і выйсьці адзін раз — гэта максымум, што можна патрабаваць ад апалітычных людзей.