Берасьцейскія актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Вуек падалі заяўку на правядзеньне дэманстрацыі і шэсьця 1 траўня.
Заяўнікі просяць мясцовыя ўлады дазволіць правядзеньне акцыі тым жа маршрутам у цэнтры гораду, якім адбывалася санкцыянаваная акцыя на Дзень Волі 25 сакавіка.
Як сказаў кіраўнік абласной арганізацыі БСДП (Г) Ігар Маслоўскі, для яго 1 Траўня — ня толькі дзяржаўнае сьвята Дзень працы, але і «дзень барацьбы працоўных за свае правы»:
«Сёньня як ніколі актуальныя сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні да ўладаў, як працоўных, так і тых, хто ня мае працы. Таму адна з мэтаў мерапрыемства — абмеркаваньне і выказваньне грамадзянамі свайго стаўленьня да бягучых праблемаў эканамічнага жыцьця Беларусі. Увядзеньне дэкрэту № 3, павышэньне пэнсійнага ўзросту, пазбаўленьне сацыяльнага працоўнага стажу, камэрцыялізацыя аховы здароўя і адукацыі», — кажа Ігар Маслоўскі.
У часе акцыі актывісты мяркуюць таксама агучыць адказы ўладаў на рэзалюцыі мітынгу, які адбываўся ў Берасьці 25 сакавіка.
Апошні раз берасьцейскай апазыцыі дазвалялася ладзіць акцыю на 1 Траўня ў цэнтры Берасьця 4 гады таму.