Насту Дашкевіч, жонку Змітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 паводле абвінавачваньня ў «навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў», як выявілася сёньня ў судзе Першамайскага раёна, яшчэ 30 сакавіка завочна засудзілі за знаходжаньне ў намётавым лагеры абаронцаў Курапатаў.
Насту зьвінавацілі ў ў парушэнні парадку пікетаваньня. Як адзначаецца ў пратаколе, Наста на пасяджэнне суда не зьявілася.
Прысуд Насьце — штраф у 15 базавых велічынь (345 рублёў).
Наста Дашкевіч прыйшла сёньня ў суд Першамайскага раёна Менска і са зьдзіўленьнем даведалася, што суд адбыўся без яе ўдзелу.
У канцылярыі ёй толькі ўручылі пратакол з вэрдыктам — штраф у 15 базавых велічынь за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» у Курапатах. Сярод іншага Наста прынесла ў суд даведку аб тым, што выхоўвае двух няпоўнагадовых дзяцей. Але палёгкі не атрымала:
«150 даляраў адным махам, ні за што. Нават без удзелу „абвінавачанага“. Лёгка ў іх гэта робіцца, — гаворыць Наста. — Казаць пра нейкае правасудзьдзе нават не выпадае».