Такое рашэньне прыняла судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Вікторыя Шабуня.
Судзьдзя пакарала Ніну Багінскую за тое, што напярэдадні Дня Волі, 24 сакавіка, тая правяла пікет каля КДБ.
Ніна Багінская і пасьля Дня Волі працягвала выходзіць да будынка КДБ з бела-чырвона-белым сьцягам ці плякатамі. На мінулым тыдні актывістка стаяла каля КДБ з плякатам «Свабоду народу Беларусі».
Ніна Багінская — вядомая ў Менску актывістка дэмакратычнага руху, што шмат гадоў бярэ ўдзел у большасьці пратэставых акцыяў, хоць не належыць ні да якой партыі ці арганізацыі.
Суды шмат разоў прысуджалі Ніне Багінскай вялікія штрафы. У 2016 годзе судовыя выканаўцы апісалі хатнюю маёмасьць і лецішча актывісткі, каб дамагчыся прымусовага спагнаньня штрафаў.