Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч запрошаны на сустрэчу ў Міністэрства культуры ў пытаньні конкурсу на мэмарыялізацыю Курапатаў. Як ён расказаў Свабодзе, на сустрэчы могуць прысутнічаць намесьнікі міністра, але наўрад ці сам міністар культуры.
У час сустрэчы Астаповіч хоча прыгадаць просьбы, агучаныя ў ранейшым адкрытым лісьце: таварыства падтрымлівае сам факт конкурсу, але зьвяртае ўвагу на празьмерна сьціслыя тэрміны і неагучаны склад журы, а таксама на тэхнічнае патрабаваньне выканаць плян на геападаснове маштабам 1:500, што робіць немагчымым удзел усіх ахвочых, бо такая геападаснова не даецца ўдзельнікам і адкрытая толькі для службовага выкарыстаньня.
«Мы падтрымліваем конкурс, але лічым умовы несправядлівымі ў дачыненьні шматлікіх творчых калектываў і адпаведна просім зьмяніць умовы і перанесьці тэрміны конкурсу, — кажа Астаповіч. — І я хацеў бы акцэнтаваць увагу на абяцаньні „шырокага ўдзелу грамадзкасьці“: для мяне гэтае слова „грамадзкасьць“ — бязьлікая абстракцыя, бо што гэта такое і які сэнс у гэта ўкладаецца? Калі мы гаворым пра нейкія грамадзкія інстытуцыі, давайце іх называць!
Прапаную далучыць да працы конкурснага журы менавіта Грамадзкую назіральную камісію ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры — гэта ўпаўнаважаны орган, створаны паводле пастановы Саўміну загадам Міністэрства культуры, куды ўваходзяць досыць кваліфікаваныя людзі».
На мінулым тыдні ў Міністэрства культуры наконт курапацкага пытаньня хадзілі прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» — зь іхнымі словамі пра занадта кароткія тэрміны і спрэчны парадак правядзеньня конкурсу міністар культуры Барыс Сьвятлоў вусна пагадзіўся, а таксама не пярэчыў заяве аб тым, што для годнай мэмарыялізацыі трэба дамагацца адкрыцьця архіваў зь імёнамі ахвяраў. Але ці зьявяцца за сустрэчай афіцыйныя рашэньні, невядома.
Тым часам у Менску судзяць шэраг удзельнікаў акцыі ў абарону Курапатаў. Аднаму з удзельнікаў, сустаршыню БХД Віталю Рымашэўскаму акцыя абышлася ў штраф 40 даляраў за хвіліну. Таксама шэраг абаронцаў Курапатаў зьяўляюцца фігурантамі «справы Белага легіёну», некаторыя зь іх застаюцца за кратамі.