Выдаткі прытулку нашмат перавышаюць тую суму, якую на ўтрыманьне ўстановы выдаткоўвае гарадзкі бюджэт. Таму існаваньне прытулку, створанага на балянсе прадпрыемства «Спэцаўтабаза гораду Віцебску» 5 гадоў таму, апошні час знаходзіцца пад пагрозай, гаворыць дырэктарка Натальля Зубава:
«Каб вы паглядзелі на наш склад харчоў, вы б жахнуліся! Запасаў ніякіх няма. Шмат што прыносяць людзі ў адказ на нашы просьбы, але гэта мізер... Страшна яшчэ й тое, што нам не хапае рук. У нас 2,5 гектара тэрыторыі і ніколі не было дворніка. Сабак выгульваюць валянтэры, бо ў пэрсаналу й так працы звыш нормы. Няма вакансіяў, стаўкі рабочых і вэтпэрсаналу скарочаныя — іх пасьля „аптымізацыі“ стала ў два разы меней, а жывёлаў — у 2,5 раза болей. Цяпер у нас на ўтрыманьні 328 жывёлаў, такога не было ніколі! Усе памяшканьні запоўненыя, і пэрспэктывы сумныя: людзям жывецца дужа цяжка, ня кожны гатовы ўзяць у сям’ю пухнатага ўтрыманца і несьці за яго адказнасьць. Павялічваецца колькасьць супрацьлеглых прыкладаў, калі нам прывозяць ці падкідаюць хатніх катоў ці сабак...»
Акцыі на ўзор той, якая прайшла ў культурна-гістарычным комплексе ў Задзьвіньні, проста неабходныя, лічыць Натальля Зубава. У значнай ступені таму, што на заклік прынесьці харчы для жывёлаў адгукнулася вельмі вялікая колькасьць гараджан. Людзі несьлі макарону, крупы, мясныя паўфабрыкаты. Быў арганізаваны і выязны гандаль, каб ахвотныя маглі набыць нешта проста на месцы.
На тэрыторыі комплексу разгарнуўся сапраўдны кірмаш: тут працавалі майстар-клясы, прадаваліся сувэніры, на сцэне праходзіў канцэрт мастацкай самадзейнасьці. Ініцыятарам дабрачыннай акцыі былі замежнае прадпрыемства «ВІК — здароўе жывёлаў» ГМ Doctor VIC і клюб UNESCO «Прайд» сярэдняй школы № 21, да арганізацыі кірмашу далучыліся гімназія № 3 і мноства валянтэраў з розных грамадзкіх структур. Усе выручаныя сродкі таксама былі перададзены прытулку для бадзяжных жывёлаў.
Падлічыць, колькі атрымалася сабраць грошай і харчоў, яшчэ не пасьпелі. Але арганізатары спадзяюцца, што была выкананая і яшчэ адна важная задача — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы, якая можа прывесьці да зьнікненьня прытулку, за адкрыцьцё якога амаль 10 гадоў змагалася грамадзкая арганізацыя «Сябры жывёлаў».
На сёньняшні дзень прытулак існуе дзякуючы грамадзкай падтрымцы. Простыя гараджане і нешматлікія спонсары, якія прыносяць для жывёлаў корм, мэдыкамэнты, ужытковыя рэчы, ахвяруюць у грашовым выражэньні нават болей сродкаў, чымсьці выдаткоўвае дзяржава. Між тым прытулак — гэта структура, якая робіць шмат карыснага. За час яе існаваньня тут было стэрылізавана больш за 6 тысяч жывёлаў, і спыненьне прыросту бадзяжных істот не каштавала гораду ні капейкі: гэта рабілася выключна за ахвяраваньні. У прытулку жывёлаў лечаць, тым самым прадухіляючы ўспышкі масавых захворваньняў. І на паляпшэньне санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі з гарадзкога бюджэту таксама не выдаткоўвалася сродкаў.
Давесьці, наколькі існаваньне прытулку для Віцебску важнае, імкнуцца розныя структуры. Два тыдні таму падобнае мерапрыемства адбылося ў віцебскім арт-цэнтры VZAP.