Паводле кіраўніка краіны, дакумэнт быў бы не такім супярэчлівым, каб да яго стварэньня прыцягнулі не дылетантаў, а экспэртаў, якія добра знаёмыя з праблематыкай. Фактычна Лукашэнка паспрабаваў перакласьці адказнасьць за прыняцьце рэзананснага дакумэнта, які справакаваў масавыя выступы па ўсёй краіне, на чыноўнікаў:
«Выкананьне дэкрэту было жахлівым. Даручыў дапрацаваць. І вось ён у мяне на стале ляжыць, я яго прачытаў і цяпер думаю: які там прынцып закладзены? А прынцып той жа. Думаеце, „дармаеды“, як яны сябе называюць, будуць працаваць цэлы год і кожны месяц па 12 даляраў адлічваць? Ня будуць. Гэта міна запаволенага дзеяньня. Яны зноў дацягнуць да крайняй кропкі, нічога не заплацяць, працаваць ня будуць, а потым ім памахаюць — і яны пойдуць зноў па вуліцах, дарогах і гэтак далей».
Тым ня меней, Лукашэнка не адмаўляецца ад намеру рэалізаваць дэкрэт № 3 у поўным аб’ёме, але цяпер хоча надаць гэтаму «навуковае абгрунтаваньне»:
«Маглі б мы з навукоўцамі, гуманітарыямі, акадэмікамі прапрацаваць гэтую тэму і некалькі варыянтаў абраць? Не, зноў мне прынесьлі гэты праект дэкрэту, паклалі на стол», — канстатаваў Лукашэнка, які летась ухваліў ідэю спаганяць падатак з тых, хто «ўхіляецца ад удзелу ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў».