У менскім нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» распачаў працу вясновы кірмаш турыстычных паслугаў «Адпачынак-2017». Сёлета традыцыйная выстава пераехала з былой ВДНГ, шкляны будынак якой прызначаны пад знос. Цяпер яна суседнічае з прэзыдэнцкім Палацам незалежнасьці і плошчай Дзяржаўнага сьцяга.
Павільёны з рэклямнай прадукцыяй раскінулі як беларускія турапэратары, так і іх замежныя партнэры. Перацягнуць на свой бок паток патэнцыйных турыстаў намагаюцца найперш суседзі — бізнэсоўцы з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расеі, Украіны. Шчыруюць і баўгары, грузіны, славакі, туркі.
Закальцаваць Аўгустоўскі канал у адно турыстычнае цэлае
Некаторыя дэлегацыі прадстаўленыя на ўзроўні дзяржаўных чыноўнікаў. Іх місія — надаць турыстычны імпульс свайму рэгіёну. Адзін з тых, хто прыехаў рэклямаваць адметнасьці сумежнай польска-беларускай тэрыторыі, — маршалак Падляскага ваяводзтва Богдан Дыюк.
Беласточчыну і Гарадзеншчыну вось ужо амаль 200 гадоў зьвязвае стратэгічны водны шлях — Аўгустоўскі канал. Доўгі час беларуская частка маштабнага канструктарскага збудаваньня была занядбаная, усяго колькі гадоў таму яе прывялі ў больш-менш прыстойны выгляд. Праўда, спадарожнай інфраструктуры па-ранейшаму няма, польскі бок каналу акультураны нашмат лепш.
Як бы там ні было, перакананы пан Дыюк, асноўнай мэтай зацікаўленых ведамстваў у розных краінах павінна стаць «закальцоўваньне» Аўгустоўскага каналу ў адно турыстычнае цэлае:
Як на маю думку, варта было б зрабіць агульную роварную сьцежку, якая злучыла б Друскенікі, Аўгустоўскі канал і Гародню, каб адразу наведаць Літву, Беларусь і Польшчу.
«Мы павінны прапанаваць турыстам, якія прыяжджаюць на Аўгустоўскі канал, нешта сапраўды ўнікальнае. То бок арганізаваць іх час такім чынам, каб не пусьціць справу на самацёк. Як на маю думку, варта было б зрабіць агульную роварную сьцежку, якая злучыла б Друскенікі, Аўгустоўскі канал і Гародню, каб адразу наведаць Літву, Беларусь і Польшчу. Гэта стала б выдатнай нагодай, каб свабодна трапіць у вялікую колькасьць месцаў і пры гэтым не клапаціцца пра асобную візу. А гэта якраз тое, што часьцяком спыняе турыстаў, якія б хацелі прыехаць, напрыклад, у Беларусь».
Балазе падставы для рэгіянальнай інтэграцыі ёсьць. Ад канца леташняга кастрычніка Беларусь увяла бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя да яго тэрыторыі — гэта Горадня, а таксама Адэльскі, Госкі, Капцёўскі, Падлабенскі і Сапоцкінскі сельсаветы. Падарожнічаць тут бязь візы турысты могуць да пяці сутак.
Бязьвізавы ўезд дазволены праз памежныя пункты пропуску «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая»), «Лясная» («Рудаўка») — на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») — на мяжы зь Літвой. Праўда, наракае Богдан Дыюк, добрая ініцыятыва яшчэ патрабуе тэхнічнага ўдасканаленьня:
«Напрыклад, акрэсьленая магчымасьць карыстацца пунктам Кузьніца — Брузгі. Але гэта тычыцца пешага пераходу, а не падарожжа цягніком, хоць ёсьць вельмі добры маршрут празь Беласток. І калі мы кажам пра Аўгустоўскі канал, спадзяёмся, што гэтыя рамкі будуць пашыраныя. Згодна з дадзенымі статыстыкі, ад моманту адкрыцьця мяжы для турыстаў да сьнежня 2016 году ўключна яе перасеклі больш за 2 тысячы асобаў. Гэтая лічба павінна расьці. Але ня ўсё так проста, раз-пораз узьнікаюць бюракратычныя перашкоды. Сам быў сьведкам, як італьянцы прыехалі ў Кузьніцу і хацелі пераехаць на беларускі бок, маючы толькі пашпарт. Іх не прапусьцілі, запатрабавалі нейкую дадатковую паперку-пропуск».
Пан Дыюк перакананы, што беларуская частка Аўгустоўскага каналу, нягледзячы на яе інфраструктурную недасканаласьць, можа быць запатрабаваная замежнікамі нават больш, чым польская. І расказвае пра такі выпадак:
«Справа ў тым, што гэта можа быць атракцыяй! Мы, напрыклад, арганізавалі роварную сьцежку Green Velo. У адзін з заездаў нямецкі турыст настойліва цікавіўся, ці не давядзецца раптам ехаць па асфальце. Запэўнілі, што дарога разнастайная, часам сустракаецца і асфальт, але збольшага — звычайныя лясныя сьцежкі. Ён быў усьцешаны, бо яго зусім не цікавілі асфальтавыя дарогі, якімі „залітыя“ гарады. Вось і мэтай нашага праекту было паказаць найперш прыгажосьць прыроды. Беларусы толькі выйграюць, калі пакінуць тую частку ў першасным выглядзе. Калі казаць пра гатэлі ці рэстараны, у нас таксама ёсьць куды разьвівацца. Але разьвіцьцё мэтазгоднае толькі тады, калі будуць турысты. Бязь іх будаваць вялізныя комплексы няма сэнсу».
Беларускія турысты пад маркай наведнікаў польскіх супэрмаркетаў
Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, польскія кансуляты выдаюць найбольш нацыянальных візаў беларусам. Адпаведна, вялікі паток зь Беларусі скіраваны ў Польшчу. Аднак, удакладняе Богдан Дыюк, вылучыць з гэтай колькасьці турыстаў надзвычай складана. Практыка паказвае, што асноўная маса скіроўваецца ў суседнюю краіну з адной мэтай — на «закупы»:
«Мы даволі часта сустракаемся з пытаньнямі адносна колькасьці турыстаў, якія наведваюць Польшчу зь Беларусі. Я адмыслова перагледзеў статыстыку перамяшчэньня празь мяжу і магу сказаць: гэтая лічба ня будзе праўдзівай у адносінах да турызму, яна адлюстроўвае агульную колькасьць асобаў. Невядома, колькі чалавек прыехала ў турыстычных мэтах, колькі выключна ў гандлёвых. Кажучы пра апошніх, я маю на ўвазе, што яны былі ў Польшчы 16–18 гадзін, то бок менш за дзень. Ці можна іх назваць турыстамі? Афіцыйна нібы так, але на самой справе ў іх ніякай турыстычнай мэты. Калі мы кажам пра 2015 год, колькасьць тых, хто пераехаў празь мяжу, зьменшылася. Але некаторыя едуць у Польшчу не празь Берасьце ці Гародню, а празь Літву».
Цяперашнюю сытуацыю суразмоўца лічыць недапрацоўкай грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў: людзі арыентуюцца на задавальненьне матэрыяльных патрэбаў, паступова страчваючы інтарэс да духоўных каштоўнасьцяў:
Польшча і Беларусь маюць вялікую колькасьць мясьцін, якія можна і трэба наведаць. Асноўная праблема, зь якой мы сутыкаліся раней, — не атрымлівалася данесьці інфармацыю вялікай колькасьці людзей. З новымі тэхналёгіямі задача спрасьцілася.
«Польшча і Беларусь маюць вялікую колькасьць мясьцін, якія можна і трэба наведаць. Асноўная праблема, зь якой мы сутыкаліся раней, — не атрымлівалася данесьці інфармацыю вялікай колькасьці людзей. З новымі тэхналёгіямі задача спрасьцілася. Істотна таксама тое, што яшчэ адносна нядаўна на нашых землях не існавала ніякай мяжы, гэта было адзінае цэлае. Нягледзячы на тое, што працэс быў перарваны ў 1945 годзе, традыцыі добрасуседзтва засталіся. Жыхары падляскага рэгіёну ахвотна прыяжджаюць да сваіх сваякоў у Беларусь, і наадварот. Таму надзвычай важна рабіць годную прэзэнтацыю таго цікавага, каб дадаткова заахвоціць да такіх паездак. Адсюль вынікае важнасьць удзелу ў такіх імпрэзах, як сёньня ў Менску».
Беларусы спраўна папаўняюць бюджэт суседзяў, выпраўляючыся ў харчовыя ды адзежныя шоп-туры ў Польшчу і Літву. З эканамічнага боку, кажа пан Дыюк, гэта ня можа ня радаваць. А зь іншага — засмучае: за вітрынамі крамаў людзі не пасьпяваюць разгледзець нешта ня меней цікавае:
«У чыста эканамічным сэнсе кожнае перасячэньне мяжы беларусам пазытыўна ўплывае на нашу эканоміку. Зрэшты, гэтаксама, як і кожнае наведваньне Беларусі палякам — на беларускую. Але наша гісторыя і багатыя культурныя каштоўнасьці павінны быць дадатковым чыньнікам, каб заахвочваць людзей прыяжджаць ня толькі на закупы, але застацца хоць бы на некалькі гадзін і выкарыстаць гэты час дзеля ўзбагачэньня сваіх ведаў. Мяркую, праваслаўныя беларусы з ахвотай паехалі б да Супрасьля, каб пабачыць манастыр. Людзі зь Берасьця — на сьвятую гару Грабарку. Скажам, я, жывучы ў Аўгустове, зь цікавасьцю паглядзеў на Аўгустоўскую ікону Божай Маці пад Гародняй».
Разгледзець прыгажосьць у межах блізкай ваколіцы
Дзеля аднаўленьня «замарожаных», а ў шэрагу выпадкаў і страчаных культурніцкіх кантактаў Богдан Дыюк прапануе правераны спосаб — абмен дэлегацыямі, пачынаючы са школ:
«Важная задача — якасны распаўсюд зьвестак пра найбольш цікавыя помнікі культуры нашых ды суседніх рэгіёнаў. Па вялікім рахунку, нішто не замінае, каб сустракаліся вучні. У нас папулярныя так званыя „Зялёныя школы“, калі дзеці сядаюць у аўтобус і едуць у тую ж Белавежу — паслухаць птушак, адчуць прыроду. Гэтак жа яны маглі б прыехаць у Горадню ці Наваградак. У Польшчы вельмі актыўныя асобы пэнсійнага ўзросту, якія ахвотна адведалі б суседзяў. Турызм — адна з галінаў, якія прыносяць найбольшы прыбытак. Трэба толькі правільна вызначыцца, што мы хочам паказаць, зрабіць годную прэзэнтацыю — і наперад! Людзі падарожнічаюць па ўсім сьвеце, езьдзяць у Афрыку, Паўднёвую Амэрыку, але часта ня ведаюць, што ёсьць амаль пад носам, у межах блізкай ваколіцы».
Сёньня палякам нашмат прасьцей выехаць у Нямеччыну, чым у гістарычна блізкую Беларусь. Што спыняе падарожны імпэт, калі ня ўлічваць візавыя перашкоды? Можа, не найлепшы імідж апошняй эўрапейскай дыктатуры? Пытаньне да маршалка Падляскага ваяводзтва Богдана Дыюка:
Не выключаю, што кагосьці беларускі рэжым і страшыць, але для кагосьці гэта, наадварот, нешта цікавае, атракцыя, цікавостка, якую можна трактаваць як пэўную геапалітычную адметнасьць...
«Я ўпершыню наведаў Менск у 1979 годзе. Калі не памыляюся, даехаў аж да Магілёва. Праўда, ад таго часу візуальна памятаю толькі менскую вуліцу Янкі Купалы. Потым прыехаў у 2007 годзе ў Горадню, уражаньні ўжо зусім іншыя, калі параўноўваць з тагачаснымі савецкімі. Цяпер у Беларусі бываю рэгулярна. Тут усё спакойна, няма чаго баяцца. Ведаеце, сытуацыя ў кожнай краіне розная, няма нейкіх стандартаў. Мы свае перавароты перажылі 30 гадоў таму, але новыя выклікі перажываем і сёньня. Не выключаю, што кагосьці беларускі рэжым і страшыць, але для кагосьці гэта, наадварот, нешта цікавае, атракцыя, цікавостка, якую можна трактаваць як пэўную геапалітычную адметнасьць... Магу толькі запэўніць: са свайго боку зробім усё, каб мінімізаваць перашкоды на шляху беларусаў у Польшчы».
Аўгустоўскі канал — унікальнае гідратэхнічнае збудаваньне XIX стагодзьдзя на тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Польшчы. Рукатворны водны шлях злучыў басэйны Віслы і Нёмана, забясьпечыўшы на поўначы выхад да Балтыйскага мора, на поўдні — да Чорнага мора праз Агінскі канал, Дняпро, Бярэзінскую водную сыстэму і Дзьвіну. 100-кілямэтровы адрэзак пачынаецца ад возера Сэрва каля польскага Аўгустова і сканчаецца недалёка ад Горадні. Уключаны ў папярэдні сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Адзін з найбуйнейшых каналаў Эўропы, падобныя ёсьць толькі ў Вялікай Брытаніі (Каледонскі канал) і ў Швэцыі (Гота).