Прачытаў на Свабодзе гутарку пра прыкметы будучай грамадзянскай вайны. У мяне іншае адчуваньне — беларусы за апошнія 200 гадоў ніколі не былі настолькі далёкія ад грамадзянскай вайны, як сёньня.
У грамадзтве няма такога сацыяльнага падзелу, як у часы Каліноўскага, калі сяляне прадавалі паўстанцаў-шляхту царскім аддзелам за грошы. Ці як у часы рэвалюцыі 1917 году, калі сяляне татальна палілі панскія сядзібы (калі меркаваць па колькасьці сельсаветаў, прыблізна паўтары тысячы — датла). Ці — падзелу на «нашых» і «немцаў», калі савецкія партызаны бязьлітасна зьнішчалі паліцэйскія батальёны і наадварот, хоць і там і там былі людзі з адной вёскі. Ці — падзелу ідэйнага, як у часы перабудовы, калі сталіністы нападалі на дэмакратаў. Людзі больш-менш прымірыліся, старыя крыўды забыліся, зьмяніліся пакаленьні.
Іншая рэч, я бачу, як імкліва расьце ў нас цёмная прорва паміж народам і ўладай. Проста на вачах. Улада, звыклая да бязвыбарнасьці і беспакаранасьці, здаецца, канчаткова паверыла ў сваю самадастатковасьць і ў тое, што не яна павінна служыць народу, а народ ёй. Народ існуе для прэзыдэнта, міліцыі, судоў, а не наадварот. Чыноўнікі, бюракратыя, намэнклятура — самая прывілеяваная частка насельніцтва — ня толькі ня чуюць людзей, але ўжо й ня слухаюць. Нейкае быццам на тое і права маюць. І гэта стала нормай.
Больш за тое, ва ўлады зьявіліся «фішкі» рабіць усё наадварот ад таго, чаго хоча грамадзтва. І спрэс атрымліваецца западло. Таму ў мінулы год культуры ў краіне закрытая рэкордная колькасьць бібліятэк, дзяржаўны мэмарыял у Курапатах прапануецца ад стваральнікаў Лініі Сталіна, а пачуўшы беларускую мову, у пратаколах пішуць «лаяўся матам».
Дарэчы, прыраўноўваць мову да мату — гэта крымінальнае злачынства: «прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, злучанае з гвалтам і ўчыненае службовай асобай» (Арт. 130 КК РБ — пазбаўленьне волі ад трох да дзесяці гадоў).
Але ў тым і пойнт, што законы не працуюць. Бюракратыя выключыла ток у агрэгатах заканадаўства — Канстытуцыі і кодэксах, каб нішто пад ёй не іскрыла і можна было без гумовых ботаў таптаць правы беларускіх грамадзян.
Узорнае западло — вываз людзей, якія адседзелі суткі за «лаяўся матам», куды-небудзь за край гораду, каб іх тут, каля дзьвярэй турмы не сустрэлі з кветкамі сябры і аднадумцы. Працэдура, між іншым, не прадугледжаная ня толькі чалавечай прыстойнасьцю, але і нарматыўнымі актамі. Сумняюся, што яна ўключаная ў міліцэйскія бюджэтныя расходы (праца, бэнзін…).
Працэдура нідзе не прапісаная, але ўжо прадстаўляе нашу Беларусь у кнізе, уганараванай Нобэлеўскай прэміяй:
«Выпусьцілі нас уначы. Журналісты, сябры — усе чакалі каля турмы, а нас вывезьлі ў аўтазаку і раскідалі па ўскраінах гораду. Мяне пакінулі дзесьці ў Шабанах. Каля нейкіх камянёў, каля новабудоўляў. Рэальна было страшна. Пастаяла ў разгубленасьці і пайшла на агні. Грошай няма, мабільнік даўно разрадзіўся. У кашальку ляжала толькі квітанцыя, нам усім выдалі такія квітанцыі, каб мы аплацілі сваё ўтрыманьне ў турме. Гэта мая месячная стыпэндыя… Нават ня ведаю… Мы з мамай ледзь перабіваемся з грашыма. Тата памёр, калі я вучылася ў шостым класе, мне было дванаццаць гадоў. Айчым свой заробак прапівае-прагульвае з посьпехам. Алкаш. Я яго ненавіджу, ён сапсаваў нам з мамай жыцьцё. Я ўвесь час стараюся падзарабіць: разношу па паштовых скрынках усялякія рэклямкі, улетку садавінай з латка гандлюю або марозівам. Ішла з гэтымі думкамі… Нейкія сабакі бегалі… людзей нідзе не відаць… Страшэнна ўзрадавалася, калі побач спынілася таксі. Назвала адрас свайго інтэрнату але кажу: «У мяне грошай няма». Таксіст чамусьці адразу здагадаўся: «А-а-а, дзекабрыстка!» (арыштавалі нас у сьнежні). Сядай. Ужо адну такую падабраў і адвёз дадому. І чаго гэта вас ноччу выпускаюць?» (З кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд»).
Праўда, гаворка тут пра выбары 2010 году. Тады яшчэ зьдзіўляла, што вывозяць за горад, што сутачнікаў і сутачніц распранаюць дагала, што мова — «лаяўся матам»… Цяпер гэта ўжо норма, стыль улады.
Калі ўлада канчаткова паверыла ў сваю самадастатковасьць, яна ўся ператвараецца ў западло. Ва ўсіх сфэрах жыцьця і ў дачыненьні да ўсіх без выключэньня грамадзян. Але тут няма прыкметаў грамадзянскай вайны. Як не відаць у Беларусі і прыкметаў рэвалюцыі.
Відавочныя — прыкметы разлажэньня ў самой уладзе, якая ўсё часьцей дае падставы ўспамінаць дыягназы доктара Шчыгельскага. А гэта робіць уладу (і дзяржаву) усё больш недзеяздольнай і, што ні дзіўна, усё больш падобнай да ўлады нашай усходняй суседкі. Яшчэ крыху і ім нішто не перашкодзіць зьліцца ў адно цэлае. Западло.
*На турэмным жаргоне — падлянка, наўмысна створаная прыніжальная сытуацыя. Я яму сумленна распавёў пра ўсе свае пляны, а ён мне ўчыніў такое западло.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.