Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі ставіць спэктакль «Кар’ера доктара Раўса» пра Францішка Скарыну ў сучасным сьвеце. Прэм’ера прызначаная на 19 красавіка, рэжысэр-пастаноўшчык — Аляксандар Гарцуеў.
Пра спэктакль Свабодзе распавядае аўтар аднайменнай п’есы — літаратурнай асновы спэктаклю — пісьменьнік Віктар Марціновіч.
Гэта першая пастаноўка твору Марціновіча ў Беларусі. Але раней вэнскі тэатар Ganymed ставіў ягоныя творы «Самае лепшае месца на сьвеце» і «Дасьпехі праведнасьці». Чаму так склалася?
«Проста часам за мяжой нечага дасягнуць прасьцей, чым на радзіме, — тлумачыць Марціновіч. — Супрацоўніцтва з тэатрам Ganymed пачалося з таго, што ягоны мастацкі кіраўнік прачытаў пераклад майго першага рамана на нямецкую мову, прыйшоў на прэзэнтацыю ў Вене і прапанаваў напісаць міні-п’есу для іх пастаноўкі ў венскім музэі гісторыі мастацтва. Такім чынам, магчыма, адказ у тым, што эўрапейскія тэатралы чытаюць мае творы больш пільна, чым беларускія».
Пра рэжысэра «Кар’еры доктара Раўса» Марціновіч кажа як пра «патрыярха беларускай сцэны», спэктаклямі якога на «Вольнай сцэне» ён захапляўся яшчэ ў студэнцкія часы:
«Памятаю, мы падсілкоўваліся ў кавярні ля „Белай Вежы“ ды тупалі глядзець „Макбэта“, а потым сядзелі прыціхлыя ў сквэрыку ля тэатру ды проста маўчалі... Таму, калі мне сказалі, што ставіць будзе Гарцуеў, заснавальнік колішняй „Вольнай сцэны“, я проста афігеў».
З акторамі ж Марціновіч не знаёмы асабіста, але кажа, што яны «проста вось фізыягнамічна (фізыягноміка — вызначэньне тыпу асобы чалавека па твары, не прызнанае навуковым мэтадам. — РС) вельмі пасуюць да намаляваных у п’есе пэрсанажаў».
Галоўны пэрсанаж п’есы і спэктаклю — Доктар — гэта Францішак Скарына, асьветнік і першадрукар, прадстаўлены, паводле Марціновіча, як «малады ды ня вельмі пасьпяховы стартапэр без CV ды навыкаў валоданьня Power Point».
«П’еса пра асобу, якая паспрабавала з пазаўчора скочыць адразу ў пасьлязаўтра. Я не зьбіраўся пісаць пра Скарыну, проста так здарылася, што я прачытаў Тумаша (гісторык Вітаўт Тумаш, першы „скарыназнаўца“. — РС), потым пачаў паглыбляцца ў дэталі скарынаўскай палемікі і зразумеў, што пра асьветніка пазытыўна, канчаткова амаль нічога не вядома.
Няма кансэнсусу нават у такіх простых пытаньнях, як яго насамрэч звалі, быў ён праваслаўным ці каталіком. Да таго ж геаграфія вандровак, магчымая сустрэча зь Лютэрам (а Скарына, паводле Тумаша, мог зрабіцца ілюстратарам славутай Лютаравай Бібліі) — усё гэта захапіла мяне, і я вырашыў трансфармаваць гэта ў камэдыйны сюжэт з сумным канцом.
Усе драмы Скарынавага жыцьця будуць разгортвацца ў нашым, сучасным сьвеце, у якім проста ня вынайшлі кнігадрукаваньня. У якасьці натхненьня я выкарыстаў „The Singer of Tales“ Альбэрта Лорда — грунтоўнае дасьледаваньне сьвету без друкаваных кніг».
Марціновіч дадае, што вельмі ўдзячны Генадзю Сагановічу, які падказаў яму імёны дыпляматаў (Мацей Равіцкі, Ян Дантышак, Ян Ляшчынскі), у суправаджэньні якіх Францішак (паводле Тумаша) выправіўся ў Вэнэцыю пасьля Кангрэсу 1515 году: у бібліятэчных крыніцах пісьменьнік гэтага не знайшоў.
У спэктаклі застаецца пакуль ня вырашаным адно пытаньне: ці будуць у Скарыны вусы? Гісторыкі вядуць на гэты конт дыскусію, бо са славутай гравюры з кнігі «Быцьцё» 1519 году незразумела, ці тое вусы на твары Скарыны, ці тое проста цень. Чэскія дасьледчыкі ў нядаўняй кнізе «„Руская біблія“ Францішка Скарыны — 500» сьцьвярджаюць, што вусоў ён не насіў.
Марціновіч кажа, пра вусы не задумваўся, бо тое не было істотна для сутнасьці п’есы, а выканаўца галоўнай ролі ў спэктаклі Дзьмітры Давідовіч кажа Свабодзе, што гэтае пытаньне ў падрыхтоўцы спэктаклю яшчэ не абмяркоўвалі.