«У мяне ад усіх слоў улады — „крэйзі хаўс“ у галаве». 57-гадовы Алег Бірукоў з 1 красавіка жыве на вуліцы: пад тэнтам каля свайго згарэлага дома. У мінулую суботу яго выпісалі са шпіталю пасьля ампутацыі другой нагі. Ад сацыяльнага жыльля і дамоў-інтэрнатаў Бірукоў адмаўляецца. Пасьля незьлічоных прыёмаў і ліставаньня з уладамі ён вырашыў, што цяпер умовы будзе ставіць ён.
«Я да гэта прызвычаіўся на рыбалцы»
На вуліцы 17-га верасьня ў мястэчку Ільля стаіць іржавы і пашарпаны Ford Scorpio 1988 году выпуску. У старой машыне з ручным кіраваньнем зьмяшчаецца ўся маёмасьць Алега Бірукова. Увосень 2016 году згарэла ягоная хата. Ад 1 красавіка ён жыве на двары. Удзень варыць сухія супы на газавай плітцы, а ўначы сьпіць у машыне.
«Харчо суп быў на сьняданак. Востры, — паказвае Бірукоў на пакунак ад сухой сумесі. — Смак, знаёмы зь дзяцінства. У паходы з сабой бралі».
Цяпер ён жыве, як у паходзе: над умоўнай кухняй нацягнуты турыстычны тэнт. А рэчаў у яго акурат столькі, каб хапіла на доўгатэрміновы паход.
«Паходныя ўмовы, але ўжо каля дома, — кажа пра свой лад жыцьця сам Бірукоў. — Мяне гэта не напружвае. Я на рыбалцы прызвычаіўся да холаду».
Your browser doesn’t support HTML5
Калі ня ўдасца атрымаць іншае жыльлё, Алег Бірукоў згодны пераехаць жыць на возера — як гэта ён ужо шмат разоў рабіў. Розьніца толькі ў тым, што раней ён езьдзіў на Вілейскае вадасховішча адпачываць, а цяпер будзе там жыць.
«Мне прасьцей купіць тэнт за 39 рублёў, 4 на 8 мэтраў, нацягнуць паміж дрэвамі, паставіць намёт, машыну. Так летам я звычайна і жыву».
Пераехаў зь Менску ў Ільлю
Алег Бірукоў нарадзіўся ў Менску. Як ён пра сябе кажа, «замест садка хадзіў на будоўлю ЦУМа». Летам езьдзіў на рыбу на Вілейскае вадасховішча ці Браслаўскія азёры. У 1995 годзе набыў першы дом у мястэчку Ільля Вілейскага раёну.
«Я на Вілейку езьдзіў адпачываць, і праз гэтую Ільлю, — распавядае Бірукоў. — А потым чытаю газэту „Из рук в руки“: прадаецца дом у Ільлі. 2 тысячы даляраў. Прыехаў, паглядзеў, за 1600 купіў».
Спачатку гэта было лецішча. Потым у дом пераехалі бацькі Алега. А ў 2006 годзе ён набыў яшчэ адзін дом і пераехаў у Ільлю зь сям’ёй. Зарабляў рамонтам машын. Але потым прадаў свой дом і пераехаў да бацькі.
«Ня мог да сваёй хаты даяжджаць: быў на вазку», — кажа Бірукоў.
Праз цукровы дыябэт у 2014 годзе яму ампутавалі нагу. На вазку па доме з парогамі было немагчыма перасоўвацца. Да сьмерці бацькі ў 2015 годзе ён жыў разам зь ім.
«Ад чаго цукар зьяўляецца, ніхто ня ведае. Кажуць, праз нэрвы. Я згодны. Чатыры жонкі — вядома, усе нэрвы зь мяне вынялі».
Мне прапаноўвалі ў дом састарэлых. Але як я там буду музыку слухаць?
Хвароба прагрэсавала, і ўвосень 2016 годзе Алегу Бірукову апмутавалі другую нагу. У гэты ж час згарэла ягоная хата ў Ільлі.
«Я гэта лёгка ўспрыняў. Мне патэлефанавала былая жонка і сказала, што здарылася непапраўнае. Я чакаў, што нешта здарылася з сынам. Аказалася, згарэў дом».
Як гэта адбылося, невядома. Пакуль бацька ляжаў у шпіталі ў Менску, 14-гадовы сын раз на тры-чатыры дні паліў у печы ў ягонай хаце. Чарговы раз ён пайшоў нацяпліць дом увечары. А на раніцу аказалася, што драўляная хата цалкам выгарала знутры.
«Ён неяк і не гарэў, а тлеў. Калі выбілі дзьверы, дык ужо добра пыхнуў. Унутры ўсё згарэла.
Практычна застаўся з тым, што ў мяне было ў шпіталі».
Амаль паўгода Алег Бірукоў дамагаўся кампэнсацыі за жыльлё. Па страхоўцы атрымаў 2100 даляраў — 50% ад шкоды самому будынку. Гэтыя грошы патраціў на пагашэньне апошняга крэдыту: акустычнай сыстэмы.
«У мяне было 1100 кружэлак у свой час. І шэсьць калёнак S-90. Акурат на апаратуру браў крэдыт. Я люблю гучную музыку слухаць. А мне ў дом састарэлых прапаноўвалі. Я пытаю: як там буду музыку слухаць?»
Перад выпіскай Бірукову абяцалі даць месца ў Ільлянскім шпіталі. Але потым высьветлілася, што за яго трэба будзе плаціць 510 рублёў штомесяц. Пры тым што пэнсія ў інваліда першай групы — 300 рублёў.
Пасьля таго, як да Бірукова сталі прыяжджаць журналісты, яму прапанавалі легчы ў шпіталь ужо за 80% пэнсіі.
«Я туды ехаць не гатовы. Я пяць месяцаў праляжаў у шпіталі. Як вы думаеце, гэта нармальна? Гэта не зусім нармальна для любога чалавека. Вы трапіце на 10 дзён і будзеце думаць, як найхутчэй адтуль зваліць».
«Калі ў інтэрнаце так добра, чаму вы там не жывяце?»
Вокны ў хаце Алега Бірукова цяпер забітыя дошкамі. Звонку сьлядоў пажару амаль не відаць. Але калі зайсьці ўсярэдзіну, зразумела, што жыць тут немагчыма.
«Яны прыехалі з камісіяй, сказалі, што дому 29 працэнтаў шкоды і яго адновяць. Што тут аднаўляць, калі пальцам можна бярвеньні пратыкаць».
Улады прапаноўвалі аднаўляць дом за кошт самога Бірукова. Але жыць ён тут баіцца. Да таго ж невядома, колькі будзе гэта каштаваць. Потым яшчэ давядзецца набываць усю мэблю наноў. Прасьцей, лічыць Бірукоў, пераехаць у іншы дом.
«Там жа рэальна аварыйнае жыльлё. Здымі любую бэльку — усё заваліцца. Потым скажуць: «Ну, памыліліся мы, завезьлі пацана на могілкі».
«Там жа рэальна аварыйнае жыльлё. Здымі любую бэльку — усё заваліцца. Потым скажуць: «Ну, памыліліся мы, завезьлі пацана на могілкі».
Ужо каторы месяц Алег Бірукоў просіць прадаць яму старую бібліятэку ў цэнтры Ільлі. Будынак здаецца ў арэнду. Але прадаваць яго пагарэльцу адмаўляюцца, бо будынак ня мае статусу жылога.
Бірукоў хоча пераехаць менавіта ў бібліятэку, бо блізка да яе праходзяць камунікацыі: каналізацыя — у 30 мэтрах, цэнтральнае ацяпленьне — у 20 мэтрах. Інваліду на вазку было б нашмат прасьцей жыць у доме з выгодамі. Аднак дагэтуль ён ня ведае, якім чынам можна яе набыць.
«Я ўсім задаваў пытаньне: „Ці ёсьць у гэтай краіне чалавек, які можа мне аддаць ці прадаць бібліятэку?“. Але маю аднолькавы адказ ад усіх інстанцыяў: „Мы вам неаднаразова адказвалі, што для зьмяшчэньня вас у дом-інтэрнат патрэбны пашпарт, даведка са шпіталю“. Інтэрнат — вось шчасьце. Калі там так добра, чаму вы там не жывяце?»
Выканкам: «Алегу трэба рабіць крок насустрач»
Замест бібліятэкі 5 красавіка Алегу Бірукову прапанавалі набыць стары будынак музычнай школы. Там ёсьць усе выгоды.
«Алегу мы неаднаразова прапаноўвалі часовае пражываньне ў Куранецкім доме-інтэрнаце, — сказаў Свабодзе Віктар Сярко, кіраўнік сацыяльнай службы Вілейскага раёну. — Улічваючы тую бяду, якая зь ім здарылася, і ўлічваючы ягонае становішча. Але ж ён адмаўляецца».
Па словах чыноўніка, улады гатовыя адрамантаваць рамонт дома Бірукова. А старшыня райвыканкаму асабіста абяцаў сачыць за тым, як дапамагаюць Алегу.
«Але ж ад Алега няма заявы, — кажа Сярко. — Мы бы дапамаглі напісаць заяву, падабраць будаўнічую арганізацыю. Дапамаглі б будаўнічымі матэрыяламі, дапамаглі б рабочымі. Калі яму трэба прыбраць тэрыторыю — арганізуем суботнік. Калі ласка. Але ж вы зразумейце: трэба рабіць крок насустрач».
Таксама ад сацыяльнай абароны Алег Бірукоў атрымліваў матэрыяльную падтрымку: ад раённага ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, ад Менаблвыканкаму.
«Становішча цяжкае, але ж выйсьце зь яго трэба шукаць разам», — кажа Сярко.
«Сплю ў машыне і не прачынаюся. Можа, таму што ног няма»
Са свайго боку Алег Бірукоў ня лічыць, што патрабуе звышнатуральных умоў ад выканкаму. Свае дачыненьні з уладамі ён называе вайной.
«Дом згарэў, але па законе ўсё добра. Для каго яны законы пішуць? У мяне ад усіх слоў улады — „крэйзі хаўс“ у галаве».
Увесь час у размове Алег Бірукоў згадвае «памяркоўных». Так ён называе ўсіх людзей, якія лічаць яго ненармальным. Маўляў, яму прапануюць пераехаць у інтэрнат, дзе кормяць і даглядаюць, а ён змагаецца за якіясьці правы.
«Гэтая памяркоўнасьць беларуская мяне ўжо пачынае напружваць! Усе толькі шэпчуцца. Ды стань ты і скажы! Табе што, галаву адсякуць?»
«Гэтая памяркоўнасьць беларуская мяне ўжо пачынае напружваць! Усе толькі шэпчуцца. Ды стань ты і скажы! Табе што, галаву адсякуць?»
Вайна з уладамі і памяркоўнасьцю не адбірае ўвесь час Алега Бірукова. Чалавек без жыльля і абедзьвюх ног, ён прымае журналістаў, рыхтуецца да курсаў кіраваньня новым інвалідным вазком, а таксама рыхтуе вуды на лета.
«Шпулі ў мяне засталіся жывыя, а вуды згарэлі, — кажа Бірукоў. — Лодка засталася цэлай. Напампуем, перасядзем. Нейкі рух павінен быць».
На Вілейскім вадасховішчы Бірукоў ужо быў. Правёў там першую ноч пасьля выпіскі са шпіталю.
«У гэты дзень паехаў на машыне на вадасховішча. Сеў, паглядзеў на прыгажосьць. Сплю ўсю ноч, не прачынаюся, нічога не баліць. Можа, таму, што ног няма, — нічога не замінае. Аб пэдалі ня б’юся».
Старэнькі Ford-аўтамат стаў ягоным домам. За 300 даляраў ён купіў машыну ў сябра летась. Пераабсталяваў яго пад ручное кіраваньне і цяпер ганяе на ім паміж Менскам і Вілейкай.
«Я яшчэ малады кіроўца на ручным кіраваньні. Нагамі ўжо ня думаў, што ціснуць. А калі рукамі, то не пакурыш».
На гэтай машыне ён абяцае прыехаць да Менскага аблвыканкаму ці Адміністрацыі прэзыдэнта, калі нічога ня ўдасца вырашыць з жыльлём. Пераяжджаць у дом-інтэрнат ці шпіталь, як яму прапануюць у службе сацыяльнай абароны, ён не зьбіраецца.
«У мяне такі тупы характар, што я не люблю несправядлівасьці, — кажа Бірукоў. — Тое, што робяць улады, гэта ўсеўладзьдзе. Пры камуністах яно было, але ня так. Сёньня гэта ўвогуле шок. Усе ў загоне».
P.S. Пасьля выхаду матэрыялу стала вядома, што 6 красавіка да Алега Бірукова прыяжджала камісія з райвыканкаму. Інваліду-вазочніку прапануюць на выбар некалькі будынкаў у Вілейскім раёне ці дапамогу ў рэканструкцыі згарэлай хаты.